Лявон Вольскі сабраў віленскую «Teatro Arena» (відэа)
2176 / 0
13.10.2014

Лявон Вольскі сабраў віленскую «Teatro Arena» (відэа)

Беларускі выканаўца даў свой самы маштабны сольны канцэрт.

Вольскі прадстаўляў у Вільні свой апошні альбом «Грамадазнаўства», а таксама граў найлепшыя песьні з рэпэртуару ранейшых сваіх гуртоў і музычных праектаў. Усе квіткі на канцэрт разышліся яшчэ за некалькі дзён да пачатку мерапрыемства. «Teatro Arena» зьмяшчае 2500 чалавек. Большасьць гледачоў прыехалі зь Беларусі, але нямала квіткоў разышлося ў самой Вільні, былі людзі з Украіны. Сярод іншага музыкі выканалі і песьню гурта «Океан Ельзи» — «Вставай», на знак падтрымкі суседзяў. Вольскаму на сцэне дапамагалі Алесь-Францішак Мышкевіч, Павал Мамонаў, Павал Аракелян, а таксама Снорэ Бэргэруд, Сындрэ Скэе, Б’ерн Гольмэсьлянд, музыкі з Нарвэгіі, якія дапамагалі з запісам «Грамадазнаўства». Клявішнік і флейтыст Павал Аракелян ня здолеў узяць удзел у канцэрце праз хваробу.

«Гэта быў першы электрычны рок-канцэрт Лявона за восем гадоў, калі ня больш. Выдатнае сьвятло, сцэнаграфія, гук і песьні, на якія мы вельмі чакалі столькі гадоў! Яны сталі як вытрыманае віно. І дарэчы, самая файная публіка — такой публікі на віленскіх канцэртах яшчэ не было! Сьпявалі разам гіты Zet, N.R.M, „Народнага альбома“, вельмі ўразіў нумар „Вставай“. Спадзяюся, што такія канцэрты Лявона будуць адбывацца часьцей», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі адзін з гледачоў, беларускі дызайнэр Ігар Назаранка.

Уcя дзея здымалася на некалькі камэраў, неўзабаве мае выйсьці відэавэрсія канцэрту «Vilnia.Volia. Volski».

Tuzin.fm, фота з канцэрту ў Вільні Аляксандра Tarantino Ждановіча, відэа NN.by