Клюб Tarantino спыніў існаваньне
2323 / 0
03.12.2014

Клюб Tarantino спыніў існаваньне

Ідэя рок-клюбу з жывой музыкай ў цэнтры Менску не апраўдала сябе.

Клюб Tarantino месьціўся на вуліцы Кастрычніцкай, у тым жа будынку, што і КЗ «Менск». Ён адкрыўся ў кастрычніку 2013 году на месцы глямурнага клюбу «Мэтраполь» (да гэтага тут быў клюб «Manhattan»). Канцэпцыя ўстановы — рок-бар з жывой музыкай з дэкарацыямі паводле фільмаў Квэнтына Тарантына. Тут выступалі Лявон Вольскі, Neuro Dubel, «Палац», «Крама», BosaeSonca, Паліна Рэспубліка, Сяргей Пукст, «Майтай» ды іншыя беларускія выканаўцы. Апошняе заяўленае мерапрыемства тут адбылося 31 кастрычніка на Гэлаўін. З нагоды закрыцьця клюбу яго кіраўніцтва не рабіла ніякіх заяваў, проста адказала ў суполцы на пытаньне аднаго з наведнікаў, што яны больш не працуюць. Адзін з заснавальнікаў Tarantino Ўладзімер Кубышкін так пракамэнтаваў Tuzin.fm закрыцьцё пляцоўкі: «Ад пачатку мы хацелі зрабіць рок-клюб з барам і жывой музыкай, але кожную добрую ідэю можна праваліць. Праблема была ў мэнэджмэнце. На гэты конт меркаваньні з другім суўладальнікам (Георгі Громаў — заўвага ТГ) у нас разышліся, таму я адыйшоў убок ад гэтых справаў і нават ня быў там у апошнія паўгоду».

У клюбе цяпер ідзе рамонт, шыльда Tarantino пры ўваходзе ўжо зьнятая і замененая на іншую — Burlesque club. Як піша сайт Citydog, гэтая ўстанова будзе працаваць у фармаце тэатру сэксуальнага танца.

На фота: адзін з самых удалых канцэртаў у клюбе Tarantino Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна, 27.03.2014

Tuzin.fm

за тыдзень
за тры месяцы