Тэлеканал «БелМузТВ» перайшоў на беларускую мову (відэа)
2969 / 1
08.12.2014

Тэлеканал «БелМузТВ» перайшоў на беларускую мову (відэа)

Музычныя навіны на тэлеканале цяпер будуць ісьці на беларускай мове.

Ад сьнежня ў этэры «БелМузТВ» зьявілася новая праграма «Pra-Навіны». Кожны выпуск уключае ў сябе тры блёкі — сусьветныя навіны, навіны артыстаў з постсавецкай прасторы і беларускі блёк, якому надзеленая асаблівая ўвага. Мяркуецца, што таксама будуць інтэрвію з рознымі артыстамі, як вядомымі, так і пачаткоўцамі, як з эстраднікамі, так і прадстаўнікамі незалежнай сцэны і андэграўнду. Уся праграма цалкам выходзіць на беларускай мове. Вядучыя ня толькі расказваюць пра прыезд таго ці іншага музыкі ў сталіцу, але і вучаць яго беларускім словам. Напрыклад, у нядаўняй перадачы расейская сьпявачка Паліна Гагарына развучыла слова «дзякуй».

Тварам праграмы стане Сяргей Міхалевіч з Гомелю (на фота). У начных клюбах яго ведаюць як МС Карлсана, ён вядзе сьвецкія вечарыны, канцэрты, вясельлі, карпаратывы, адзначыўся як гулец Клюбу вясёлых і знаходлівых. Тройчы прызнаваўся найлепшым вядоўцам году на прэміі «Night Gomel», атрымаў прэмію «Найлепшы канцэртны вядоўца» ад Гомельскага аблвыканкаму.

Беларуская мова паступова вяртаецца ў мясцовы музычны тэлеэтэр.  З гэтага сезону на тэлеканале АНТ па-беларуску таксама выходзіць праграма «Легенды. Live».

«Pra-Навіны» выходзяць штосераду ў 19:00 з паўторам у пятніцу ў 21:00 і ў нядзелю ў 16:00.

Tuzin.fm/Budzma.by

КАМЕНТАРЫ: