Akana запісалі другі альбом з швайцарскім Brun Alpin Ensemble
1610 / 0
10.12.2014

Akana запісалі другі альбом з швайцарскім Brun Alpin Ensemble

Ірэна Катвіцкая, Руся і Надзея Чугунова вярнуліся з Швайцарыі, дзе адбыўся запіс дыску «Сьнежкі» міжнароднага праекту Kazalpin.

У праект уваходзяць тры сьпявачкі зь беларускага гурта Akana і музыкі з швайцарскага джаз-квартэту Brun Alpin Ensemble. «Сьнежкі» іх другая сумесная праца, якая пісалася тамсама, дзе і першы дыск «East Side Story» (2011) — у швайцарскай студыі Hardstudios. Музыкі з розных краінаў аб’яднаныя ідэяй стварэньня адзінай гукавай прасторы, дзе ў поўнай меры этнічныя традыцыі беларусаў пераплятаюцца з калярытам аўтарскай музыкі розных культураў. Кіраўнічка Akana Ірэна Катвіцкая паведаміла Tuzin.fm, што ў новы альбом Kazalpin уключаны 13 новых твораў у дыяпазоне ад рэканструкцыі напеваў пазаабрадавай лірыкі Палесься да аўтарскіх інструмэнтальных твораў, з гучаньнем такіх інструментаў, як акардэон, акардзіна, флейта, кантрабас, саксафон сапрана і альт, дудук, ударныя, пэркусія, хэнкдрам, вотарфон. І ў суправаджэньні чароўных галасоў Ірэны, Русі і Надзеі, вядома ж.

Мяркуецца, што ў найбліжэйшы год альбом будзе даводзіцца да ладу, яго рэліз заплянаваны на канец наступнага, 2015 году. У гэты ж час Kazalpin мяркуе зладзіць тур па Беларусі ў яго падтрымку і шукае дзеля гэтай справы спонсараў.

Цікава, што дэбютны альбом Kazalpin стаіць першым у сьпісе «jazz music» у самалётах кампаніі Lufthansa.

Tuzin.fm