Brutto выканалі дарэвалюцыйную лірыку Янкі Купалы (аўдыё/відэа)
Праект Сяргея Міхалка прадставіў новы сынгл — «Будзь сьмелым», куды ўвайшла аднайменная песьня на верш Янкі Купалы і перасьпеў гурта «Ляпіс Трубяцкі» — «Священный огонь».
«Будзь сьмелым» — верш, які належыць да рэвалюцыйнай лірыкі Янкі Купалы, напісаны ён у 1913 годзе. Сяргей Міхалок знаходзіць гэты твор, як зрэшты і іншую паэзію нашаніўскае пары, надзвычай актуальнай для цяперашніх часоў. Brutto выконвае таксама песьню «Наша возьме» на верш Якуба Коласа, а таксама купалаўскую «Ня быць скотам». На адным зь нядаўніх канцэртаў Сяргей Міхалок сказаў: «У які б праект ні ўлілася маё друзлае 40-гадовае цельца, я заўжды буду раўці: ня быць скотам!»
У сынгл «Будзь сьмелым» другім трэкам увайшла кампазыцыя з альбому «Весёлые картинки» гурта «Ляпіс Трубяцкі» –– «Священный огонь». Міхалок увязвае абедзьве песьні ў адзін лягічны шэраг і прадстаўляе самотнік такім чынам: «Будзь сьмелым, калі ідзеш за сваёю мараю і хай будзе з табой зьніч!»
Адначасова з сынглам, Brutto прадставілі кліп на песьню «Будь сьмелым». Яго аўтара, маскоўскага рэжысэра і фатографа Андрэя Давыдоўскага можна назваць штатным кліпмэйкерам гурта. Да гэтага ён зрабіў відэа на песьні «Гири» і «Адидас».
Гуртом Brutto тым часам зацікавіўся беларускі КДБ, які прыйшоў з праверкаю ў фітнэс-клюб, дзе трэніруюцца ўдзельнікі гурта. Віжоў цікавіла асоба Міхалка ды іншых удзельнікаў каманды: якая ў іх праграма, колькі разоў на тыдзень і ў які час, ці мае музыкант ахову і гэтак далей.
Самі музыкі Brutto цяпер рыхтуюцца да двух вялікіх канцэртаў — 20 сьнежня ў Маскве (Stadium Live) і 27 сьнежня ў Кіеве (Stereo Plaza).
Tuzin.fm
Тэкст "Будзь сьмелым":
Будзь сьмелым!.. Магутна ярмо друзгачы!
Ідзі сам наперад, другіх ведучы!
Будзь смелым!.. Не вер у людскую брахню,
Вер толькі ў адвагу і сілу сваю!
Будзь сьмелым, хоць путалі б злыдні ўвакруг, —
Адважным ваякам ня страшны ланцуг!
Будзь смелым, як вецер, як воля сама!
Знай, смелых не чэпе ні крыўда, ні цьма!
Будзь сьмелым, як бура, што крышыць дубы,
А будзе твой верх, тваё права ўсягды!
КАМЕНТАВАЦЬ