Аляксандар Рыбак у камэнтары для Tuzin.fm: «Праект Milki працягнецца» (відэа)
2336 / 0
29.12.2014

Аляксандар Рыбак у камэнтары для Tuzin.fm: «Праект Milki працягнецца» (відэа)

Моцна пакрыўджаны вынікам адбору на «Эўравізію» Аляксандар Рыбак мае намер працягваць працу над беларускім дзявочым праектам.

Адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў беларускага адбору на «Эўравізію» Аляксандар Рыбак выклаў на сваёй старонцы ў Facebook відэазварот, у якім з пачуцьцём немалой крыўды зазначыў: «Я ўжо столькі гастралюю, і эўрапейцы ўсюды гавораць столькі бруду пра маю радзіму, пра Беларусь. А я абараняю, абараняю, кажу, што там добрая сыстэма. Кажуць — якая сыстэма? Там усё куплена. Больш ня ведаю, што я абараняю. Кожны год беларуская дэлегацыя просіць у мяне напісаць песьню, якая можа перамагчы на „Эўравізіі“. І вось я напісаў… Патраціў час, грошы, знайшоў таленавітых дзяўчат… Я бачыў гэтае журы, я зь імі ўсімі сустракаўся. Адзін мне казаў: заўжды мы будзем цябе падтрымліваць. І вось так падтрымалі… Спадзяюся, што гэтае журы ніколі ў жыцьці ня ўбачу». Дзявочы праект Milki быў створаны адмыслова да фэсту «Эўравізія» і выглядаў на галоўнага фаварыта. Яны і самі былі ўпэўненыя ў сваёй перамозе — настолькі, што нават зьнялі рэстарацыю для афтэпаці, як піша журналіст Сяргей Маліноўскі.

Мы зьвязаліся з Сашам, каб дазнацца пра будучыню праекту Milki, у які за гэты кароткі час існаваньня зьявіліся ўжо свае прыхільнікі. «Канечне, мы будзем працягваць рабіць песьні разам», — паведаміў Рыбак. Праўда што на пытаньне ці паўплывае гэта прыкрая сытуацыя з адборам на яго ўласнае стаўленьне да Беларусі, яе мовы і культуры, сьпявак палічыў патрэбным не адказваць.

Tuzin.fm

 
за тры месяцы