Trubetskoy прэзэнтуе фільм-візытоўку і рыхтуецца да беларускага туру (відэа)
2323 / 2
07.01.2015

Trubetskoy прэзэнтуе фільм-візытоўку і рыхтуецца да беларускага туру (відэа)

Гурт анансуе музычны фільм, прэм’ера якога адбудзецца 26 студзеня і мае намер аб’ехаць з канцэртамі ўсю Беларусь.

Над стужкай «Trubetskoy. The Band» працуе творчая суполка «Дзеці Сонца» ды інтэрнацыянальная каманда — беларусы, нарвэжцы, літоўцы, украінцы і расейцы. Увесь матэрыял ўжо адзьняты, у тым ліку жывы канцэрт гурта, які ўвойдзе ў фільм. Музыкі адыгралі яго адмыслова ў віленскай студыі нарвэскага саўндпрадусара Снорэ Бэргэруда, таго самага, што пісаў альбом «Грамадазнаўства» Вольскага. Акром уласна музыкі будуць развагі ўдзельнікаў каманды на самыя розныя тэмы. «Галоўная мэта фільму — паказаць што ёсьць такое гурт Trubetskoy. Таму што нехта думае, што гэта проста „Ляпісы“ безь Міхалка, нехта — што гэта кавэр-бэнд, які будзе пяяць па кабаках „Яблони“ і „Метелицу“ і гэтак далей. Мы тлумачым у фільме, што гэта ня так. Па-сутнасьці гэта фільм-візытоўка», — распавёў Tuzin.fm прэс-аташэ гурта Аляксандар Бергер. Істотны момант — у стужцы прамаўляюць людзі, якія цягам дзесяцігодзьдзяў рабілі істотны ўнёсак у творчасьць каманды, але ўвесь час заставаліся ў цені Міхалка. Музыкі між сабою жартуюць, што трэйлер меўся бы пачынацца словамі: «Яны маўчалі 25 гадоў…». Прэм’ера «Trubetskoy. The Band» адбудзецца 26 студзеня адначасова ў Расеі, Украіне і Беларусі.

Trubetskoy нібы не знаходзіцца ў сьпісе непажаданых артыстаў у Беларусі. Прынамсі, Tuzin.fm заяўляў іх у якасьці выступоўцаў на канцэрце «Героі году — 2014» і атрымаў дазвол. Праўда што музыкі ня здолелі выступіць. Упершыню ў Беларусі пад такою назваю і ў такім складзе яны выйдуць на сцэну клюбу Re:Public 13 лютага на прэміі «Даем рады». У далейшых намерах — тур па Беларусі. «Беларускі канцэртны бізнэс збудаваны няпроста. Патрэбны гастролькі, якія альбо зусім не даюцца, альбо даюцца зь вялікім скрыпам. У кожным асобным горадзе трэба ўзгадняць з нуля, вось гэтым мы цяпер і займаемся. Пакуль жа трэба стварыць прэцэдэнт — выступіць хоць раз у Беларусі, каб улады пабачылі, што неба ня ўпала на зямлю. Калі гэта адбудзецца і неба сапраўды не ўпадзе, тады можна будзе казаць пра сур’ёзны тур», — кажа Аляксандар Бергер.

Плянуецца таксама, што ўвесну Trubetskoy будзе госьцем канцэртнага праекту «Жывы Тузін».

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    12.01.2015 / 11:11

    Гурту далі дазвол на выступы ў Беларусі: 14 лютага яны граюць сольны канцэрт у Гомелі, 21-га ў Віцебску. У сакавіку плянуецца сольнік у Менску.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    28.01.2015 / 09:26

    Фільм "Trubetskoy. The Band" – http://youtu.be/PHT9qkvjw4g

    Студыйны канцэрт – http://www.youtube.com/playlist?list=PLR-Q8r6PlMP59gDwCFeGVY6H5OtPcE9oz

  • КАМЕНТАВАЦЬ