Шыкоўна! Дзьмітры Нікановіч сьпявае «Ніколі» ў акустыцы (live-відэа)
2168 / 0
19.01.2015

Шыкоўна! Дзьмітры Нікановіч сьпявае «Ніколі» ў акустыцы (live-відэа)

Сьпявак Дзьмітры Нікановіч разам зь Мікітам Найдзёнавым запісалі акустычную вэрсію песьні «Ніколі», якая летась перамагла ў аўдыёчарце на Tuzin.fm.

«Спосабаў для папулярызацыі беларускамоўных песень сёньня ня так шмат, і ня ўсе яны даступныя маладым артыстам. Таму я заўсёды кажу дзякуй кожнаму, хто мае шчырае жаданьне дапамагчы маёй творчасьці!» — заявіў у камэнтары для Tuzin.fm Дзьмітры Нікановіч з нагоды прэзэнтацыі live-відэа на песьню «Ніколі». Летась наведнікі нашага парталу паставілі яе ў галасаваньні спачатку на другое, а потым на першае месца.

Відэа зьняў рэжысэр Рыгор Пасрэднік, а падыграў на акустычнай гітары Мікіта Найдзёнаў з гурта Hurma, аўтар музыкі і словаў да гэтага твору. Выканаўца кажа, што гэты сьпеў для яго стаў вельмі дарагім і блізкім, фактычна яго візытоўкаю, таму захацелася на яго зірнуць па-іншаму.

Творчы дуэт Нікановіч-Найдзёнаў цяпер рыхтуе да прэм’еры новую кампазыцыю. Дзіма кажа, што мае намер зьняць на яе кліп і пэўны, што яна мае вялікі патэнцыял: яна і цяпер, на этапе запісу, гучыць актуальна, а галоўныя радкі немагмыча выкінуць з галавы. Прэм’ера будзе неўзабаве на Tuzin.fm.

За навінамі выканаўцы можна сачыць празь яго афіцыйную суполку.

Tuzin.fm