«Палац» пераасэнсаваў музыку да фольк-мюзыклу «Адвечная песьня»
1910 / 0
20.02.2015

«Палац» пераасэнсаваў музыку да фольк-мюзыклу «Адвечная песьня»

Гурт Алега Хаменкі перастварыў музыку да знакавага беларускага спэктаклю.

«Адвечная песьня» паводле неўміручай паэмы Янкі Купалы — візытоўка Рэспубліканскага тэатру драматургіі. Ён з посьпехам ідзе ўжо больш за 10 гадоў, здабыў міжнароднае прызнаньне і ўзнагароды на шматлікіх тэатральных форумах дзякуючы выдатнай ігры актораў на чале з заслужаным артыстам Беларусі Ігарам Сігавым, а таксама шыкоўнаму музычнаму складніку аўтарства Цімура Каліноўскага. Ад сакавіка 2015 году спэктакль будзе ісьці з музыкаю, якую запісаў гурт «Палац». «Я неаднойчы глядзеў гэты спэктакль і лічу яго адным з самых лепшых на сёньня ў беларускай тэатральнай прасторы. Гэты твор і яго пастаноўка, на мой погляд, непараўнальна мацней за раскручаныя сучасныя мюзыклы. Музыку да гэтага спэктаклю стварыў мой даўнішні сябра Цімур Каліноўскі. А я разам з гуртом зрабіў даволі складаную і вельмі далікатную працу рэстаўрацыю і пераасэнсаваньне аранжыроўкі. Да таго ж, мы даўнішнія знаёмыя з акторамі, якія ўдзельнічаюць у гэтым спэктаклі, і з рэжысэрам Сяргеем Кавальчыкам. Увогуле, я вельмі рады і ганаруся тым, што мы далучыліся да супрацы над гэтым легендарным творам», — сказаў у камэнтары Tuzin.fm Алег Хаменка.

Неверагодны, захапляльны спэктакль пра жыцьцё нашых продкаў, пра лёс Чалавека ад нараджэнэня і да сьмерці. Дзея пра тых, хто даў нам жыцьцё, сілу, годнасьць і веру, гісторыя пра шлях Беларуса пад гэтым сонцам на гэтай зямлі, — гэтак прадстаўляецца «Адвечная песьня».

Паказ фольк-мюзыклу з музыкаю гурта «Палац» адбудзецца 20 сакавіка ў 19:00 у малой залі Палацу Рэспублікі. Падрабязнасьці — у нашай афішы.

 Tuzin.fm