Міхалок: «Гурт Trubetskoy — сэпаратысты» (абнаўляецца)
2722 / 1
02.03.2015

Міхалок: «Гурт Trubetskoy — сэпаратысты» (абнаўляецца)

Экс-лідэр гурта «Ляпіс Трубяцкі» назваў праз афіцыйны рахунак свайго гурта Brutto сваіх былых паплечнікаў «сэпаратыстамі» і «райдэрамі, што захапілі спадчыну вялікага гурта».

Паведамленьне зьявілася пасьля апоўдня ў афіцыйных суполках Brutto з пазнакай «Афіцыйна!». Міхалок заявіў: «Лічу, што яны не павінны выконваць песьні, якія сачыніў я, Міхалок Сяргей Уладзімеравіч! Няхай возьмуць новую назву і пяюць свае песьні». Пры канцы заявы музыка зазначыў, што дазваляе сьпяваць песьні «Ляпіса Трубяцкога» ўсім жыхарам плянэты Зямля. «А Трубяцкім — не дазваляю».

На просьбу Tuzin.fm сытуацыю пракамэнтаваў прэс-аташэ гурта Trubetskoy па Беларусі Зьміцер Безкаравайны: «Дзіўна чуць такія рэчы ад чалавека, зь якім працавалі шмат гадоў Булатнікаў, Уладыка, Старажук, Калмыкоў, Бергер… Які асабіста дапамагаў абіраць назву і рэпэртуар гурта Trubetskoy. Цяпер мы высьвятляем дэталі, магчыма будзе дадатковая заява з нашага боку».

Міхалок выказваўся адносна творчасьці сваіх былых паплечнікаў і раней. Зноў жа праз рахункі Brutto ў сацсетках зьявілася паведамленьне, у якім сынгл гурта Trubetskoy Міхалок называў «гаўном»: «Дзякуй Богу, што я разьвітаўся з гэтымі рабятамі і фанатамі, што пайшлі за імі ў рэстаранныя нетры», — заявіў ён. Але неўзабаве гэтае паведамленьне было выдаленае, а гурт Brutto заявіў, што іх афіцыйныя рахункі былі ўзламаныя.

Сёньняшняй заяве Міхалка папярэднічаў пост на старонцы ў Facebook прадусара Brutto Антона Азізбекяна, які разам зь Сяргеем пераехаў у Кіеў. «Трубяцкі — гэта „Ляпіс Трубяцкі“ для гапаты і ватнікаў. Яны сталі апалітычнымі, бясьпечнымі і добранадзейнымі… А ад іх вышыванак у стылі „беларускія вечары ў Дазары“ хочацца ўскрыкнуць: „Жывёт Белоруссия!“», — даводзіць думкі Міхалка Азізбекян з пазнакай: «Падпісваюся пад кожным словам».

Удзельнікі гурта Trubetskoy відавочна шакаваныя такім стаўленьнем да сябе. У сваёй заяве для прыхільнікаў і прэсы, у прыватнасьці зазначана: «Мы маглі бы выкласьці скрыншоты сваёй перапіскі зь Сяргеем і Антонам Азізбекянам за апошні год, але лічам ніжэй за сваю годнасьць уступаць у брудныя звадкі ды ладзіць рэаліці-шоў праз узаемаадносіны з былымі таварышамі. Мы нікога не падманвалі, не кідалі і ня здраджвалі. Мы проста працягваем рабіць сваю справу і надалей будзем ігнараваць глупаватыя і непрыгожыя дэмаршы экс-калегаў». У гурта расьпісаныя канцэрты на найбліжэйшыя два месяцы. Trubetskoy выступае ў Ніжнім Ноўгарадзе, Іванаве, Яраслаўлі (5—7 сакавіка), Берасьці (13.03) і Магілёве (14.03). Brutto тым часам знаходзіцца ў туры па Ўкраіне: 3.03 яны граюць у Бярдзянску, 4.03 у Марыюпалі, 5.03 у Запарожжы.

(дапоўнена 3.03 12:50) Гурт Trubetskoy зрабіў афіцыйную заяву: «У нас ужо заплянаваны шэраг выступаў у розных гарадах і на фэстывалях, якія анансаваліся раней і пра якія мы дамаўляліся, калі не былі ў курсе, што Сяргей Міхалок так лёгка адмаўляецца ад сваіх словаў і абяцаньняў. Нам ня хочацца падстаўляць і расчароўваць людзей. Таму мы адыграем ужо заплянаваныя канцэрты з анансаванай праграмай, а ў далейшым песьні „Ляпісаў“ публічна выконваць не зьбіраемся». Trubetskoy ў будучыні зьбіраецца выконваць песьні, напісаныя ўжо без удзелу Сяргея Міхалка. 3 сакавіка яны прэзэнтавалі беларускамоўны сынгл, куды ўвайшлі два новыя творы.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    02.03.2015 / 17:40

    Міхалок дапоўніў сваю заяву ў сетках у камэнтары для Tut.by:
    "Считаю группу "Трубецкой"- классическим кавер-бэндом, так как на концертах они исполняют менее 20% материала собственного сочинения. У них есть возможность петь песни "Батарейка", "Хали-Гали", "Шизгара", "Смок он зе вота", "Купалiнку" и так далее... Их имидж, стиль и гражданская позиция идут вразрез с моим мировоззрением. Именно поэтому я против того, чтобы они пели мои песни, но судиться с ними не собираюсь, так как являюсь противником любых судебных систем и разбирательств",- подчеркнул Михалок.

    http://news.tut.by/culture/437877.html

  • КАМЕНТАВАЦЬ