У Беларусі стартуе «Музычная рэвалюцыя»
1514 / 0
12.03.2015

У Беларусі стартуе «Музычная рэвалюцыя»

Арганізатары Music Revolution Festival хочуць падтрымаць непрафэсійныя і паўпрафэсійныя гурты, якія выконваюць жывую музыку.

Фэст «Revolution» ладзяць расейскія прамоўтэры — удзельнік гурта «Скворцы Степанова» Аляксей Мурашоў і кіраўнік музычнага выдавецтва «Бомба Піцер» Алег Грабко. Дагэтуль ён ладзіўся ў Санкт-Пецярбургу, сёлета праводзіцца таксама ў Маскве і ў Менску. Пераможцу беларускага фэсту абяцаюць у якасьці галоўнага прызу зладзіць гастролі па эўрапейскай частцы Расеі. «Сёньня артыстам не выпадае разьлічваць на дапамогу прадусараў і кожны мусіць займацца сам ня толькі творчасьцю, але і мэнэджмэнтам, прома, канцэртамі, фанбазай, саўндпрадусаваньнем… Мы хочам паспрыяць прасоўваньню музыкаў, дапамагчы ім набрацца досьведу і прадаставіць свае магчымасьці і сувязі дзеля таго, каб яны выйшлі на новы ўзровень», — заяўляюць арганізатары.

У Менску заплянавана правесьці чатыры паўфінальныя канцэрты 15, 22 сакавіка і 19, 26 красавіка, а фінальны канцэрт прызначаны на 24 траўня. Уваход на адборачныя канцэрты ў Менску — вольны, фіналістаў вызначае публіка. У фінале конкурсу да галасаваньня гледачоў далучыцца аўтарытэтнае журы.

На фэстываль працягваецца прыём заяваў. Падаць яе можна праз афіцыйную суполку Music Revolution Festival у Беларусі.

Tuzin.fm