Аўтар фільму пра белмоўны гіп-гап: «Будучыні няма» (відэа)
1996 / 0
31.03.2015

Аўтар фільму пра белмоўны гіп-гап: «Будучыні няма» (відэа)

У сеціве зьявілася 21-хвілінная стужка, прысьвечаная беларускамоўнаму гіп-гопу.

Аўтар фільму, які называе сябе Лаўрэн Рукавіца, намагаецца прасачыць гісторыю ад часоў гурта TС-52 (1995). Лічыцца, што менавіта яны запісалі першы рэп-твор па-беларуску. Галоўнымі героямі стужкі сталі Zeman і Вожык. Выснова робіцца несуцяшальная — будучыні ў беларускамоўнай рэп-музыкі няма. «Моладзь, якая займаецца гіп-гапам, зусім не зацікаўленая разьвіваць родную культуру», — кажа адзін з герояў Kaskad. «Усіх слухачоў беларускамоўнага гіп-гопу можна пасяліць у невялічкай вёсцы ў Хойніцкім раёне», — змрочна падсумоўвае сам аўтар.

«Я цікаўлюся гэтай зьявай ужо 10 гадоў і мяне вельмі бянтэжыць, што гіп-гап па-беларуску ў нас застаецца малавядомай зьявай, — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm Лаўрэн Рукавіца. — Хоць ў рэпе слова — галоўнае, беларускія рэпэры чытаюць на якой заўгодна мове, толькі не на беларускай. Між тым, беларускамоўны рэп мог стаць такім жа папулярным, як беларускамоўны рок у 90-я. Гэта паэзія новага стагодзьдзя. І рэп па-беларуску можа выглядаць адным з самых мілагучных і самых сапраўдных у сьвеце. На жаль, зрухаў не адбываецца — беларусы глядзяць у бок Расеі, дзе з гіп-гопам усё выглядае яшчэ горш, ды высьвятляюць у сацсетках хто за каго круцейшы. Тое, што радуе — у нас мікрафон бяруць у рукі звычайна інтэлектуальныя людзі са сваёй пазыцыяй. Яны склаліся як асобы, а таму ня гоняць лухты. На жаль, слухачоў у іх вобмаль».

Лаўрэн кажа, што ягоны фільм прадстаўлены ня ў тым выглядзе, як задумваўся першапачаткова. Па-сутнасьці гэта чарнавік. Матэрыялу было адзьнята значна болей, але сыходнікі страчаныя праз тэхнічныя праблемы. Тым ня менш, аўтар вырашыў паказаць сваю працу. Кажа, што больш нічога здымаць ня будзе, бо надта дэпрэсіўна выходзіць.

Tuzin.fm

ШТО ПАСЛУХАЦЬ З БЕЛМОЎНАГА РЭПУ. TUZIN РАІЦЬ:

SP Kava руйнуе стэрэатыпы (аўдыё)

SP Kava i Angst: «Бранзавеньне шкодзіць» (аўдыёпрэм’ера!)

Відэа пра Менск, каханьне і мэтафарычную вайну

Vinsent у вобразе Каліноўскага: «Жыве яна — не загіну я» (аўдыё)

Сьпявала на Геніюш, здымаецца ў Тымаці (аўдыё і фотасэсія Lil Boo)

Вожык адрэагаваў на імпэрскую прапаганду (прэм’ера трэку «Бандэра»)

Zeman. Калі ставіцца «Коска» (аўдыё)

Zenon прадставіў украінска-беларускамоўны трэк «Верым, можам, пераможам» (відэа)

Zeman і тры хваробы белрэпу