Няўдалы жарт? BelMetal.org перайшоў на расейскую мову (абноўлена)
2387 / 4
01.04.2015

Няўдалы жарт? BelMetal.org перайшоў на расейскую мову (абноўлена)

Пасьля сямі гадоў працы стваральнікі беларускамоўнага рэсурсу прынялі рашэньне перайсьці на расейскую мову.

Праект BelMetal.org паўстаў у 2008 годзе. Ён прысьвечаны айчыннай мэтал-сцэне. Да гэтага моманту ўвесь кантэнт сайту быў беларускамоўным. Аднак, 31 сакавіка заяўлена, што «фармат выключнай беларускамоўнасьці зьяўляецца хутчэй перашкодай для разьвіцьця праекту». У заяве з гэтай нагоды кіраўнікі рэсурсу ў прыватнасьці пішуць, што ў сувязі зь пераходам на расейскую мову будзе зьнятая істотная перашкода для большасьці чытачоў. Прагназуецца падвышэньне інтарэсу да матэрыялаў сайту. Істотна і тое, пішуць журналісты, што значна аблегчыцца і рацыяналізуецца праца рэдакцыі, якая прымае і апрацоўвае ў большасьці сваёй расейскамоўны матэрыял. Пры гэтым робіцца папраўка — рух у беларускамоўным вэктары не выключаецца і з волі аўтараў некаторыя артыкулы будуць выходзіць па-беларуску.

«Расейская мова — міжнародная мова. Яе выкарыстаньне ў мэдыяпрасторы Беларусі не зьяўляецца фактам здрады нашай нацыі ці нечым падобным», — робяць выснову стваральнікі BelMetal.org.

(дададзена 02.04 у 22.48) Навіна пра пераход на расейскую мову была разьмешчаная на BelMetal 31 сакавіка, таму аніяк не выпадала яе прымаць за першакрасавіцкі жарт. На наступны дзень на сайце выйшаў матэрыял па-расейску, а ўвечары 2 красавіка рэдакцыя зьмясьціла тлумачэньне: сайт ад пачатку быў беларускамоўным, ім і застанецца. Навіну пра пераход на расейскую прапануецца лічыць першакрасавіцкім жартам. Выйшла нясьмешна, але зычым калегам моцы і трываласьці.

Tuzin.fm

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • Дзяніс Голін
    Дзяніс Голін / адказаць
    02.04.2015 / 19:17

    Сайту ж не 7 гадоў, спярша быў форум ці нешта такое, падаецца. У цяперашнім выглядзе ён паўстяў гады з 4 як. Магу памыляцца.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    02.04.2015 / 23:04

    А мы не пісалі пра сайт, мы пісалі, што праекту 7 год. І пра гэта кажуць самі стваральнікі BelMetal, па-ранейшаму беларускамоўнага рэсурсу, дарэчы:)

  • Дзяніс Голін
    Дзяніс Голін / адказаць
    03.04.2015 / 09:17

    "Пасьля сямі гадоў працы стваральнікі беларускамоўнага рэсурсу прынялі рашэньне перайсьці на расейскую мову."
    Ці можна называць форум рэсурсам? Вось я да чаго. ;) А жарты і праўда дурныя.

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    03.04.2015 / 13:10

    Тэндэнцыя такая - кожны рэсурс імкнецца "састарыцца" як мага больш. Вунь, калегі з Ultra-Music заяўляюць, што іх сайту 12 год, але рэальна з прыватнага блёгу ў сайт пераўтварыліся з год 5 таму. Абы на здароўе:)

  • КАМЕНТАВАЦЬ