Sumarok. Аркушам упадабаныя, Арбенінай пахрышчаныя, фондам Бродзкага падтрыманыя (аўдыё)
3310 / 0
03.04.2015

Sumarok. Аркушам упадабаныя, Арбенінай пахрышчаныя, фондам Бродзкага падтрыманыя (аўдыё)

Выйшаў дэбютны альбом гурта з Полацку, які ўключае як аўтарскія рэчы, так і сьпевы на словы ўлюбёных паэтаў.

Музыкі перапоўненыя эмоцыямі з нагоды выхаду дыску. Яны працавалі над ім цягам году, рупліва падбіралі матэрыял і працавалі з гукам. «Уражаньне непаўторнае, калі бачыш канчатковы вынік працы, — распавядае Tuzin.fm лідэр гурта Ігар Палынскі. — Запісвалі ў максымальна бюджэтных хатніх умовах, вучыліся ўсяму падчас працэсу, зьвядзеньнем займаліся таксама самастойна, таму ёсьць шурпатасьці. Але наогул працай задаволеныя — прынамсі, ёсьць нейкая аснова, каб казаць: далей будзе лепш!»

Акрамя ўласных песень Ігара Палынскага, на альбоме прысутнічаюць сьпевы на вершы Алеся Аркуша, бацькі музыкі Алеся Палынскага, Дыяны Арбенінай, Ёсіфа Бродзкага. На іх выкананьне былі атрыманая згода ад уладальнікаў правоў. Фонд памяці Бродзкага, напрыклад, даслаў на запыт музыкаў афіцыйны дазвол на выкарыстаньне вершу «Пепел», а вакалістка «Ночных снайперов» наогул дабраславіла полацкі гурт на творчасьць пры сустрэчы зь Ігарам. Так што музыкі лічаць Дыяну хроснай маці гурта.

Альбом завецца «Мінор». Ужо адбылася прэзэнтацыя дыску ў родным для Sumarok Полацку. Музыкі спадзяюцца зайграць канцэрты і ў іншых гарадах. Сачыць за навінамі каманды можна ў іх афіцыйнай суполцы. Спампаваць альбом адным файлам можна на сайце гурта.

Tuzin.fm

за тры месяцы
за тры месяцы