CherryVata адраджае жывы склад з новай вакалісткай (відэа)
2700 / 0
06.04.2015

CherryVata адраджае жывы склад з новай вакалісткай (відэа)

Гурт заявіў пра аднаўленьне дзейнасьці пасьля 5-гадовага перапынку.

«Па-сутнасьці гурт не распускаўся, атрымалася проста так, што жывы склад сышоў у адпачынак. Цяпер склад для жывой сольнай праграмы сабраны ізноў», — кажа ідэоляг CherryVata Зьміцер Літвіновіч, вядомы як Diamos Roll. Ужывую яго каманда не выступала ў Менску з 2010 году. Сам Diamos Roll працягваў ладзіць электронныя сэты пад шыльдай CherryVata, выступаць сольна, а таксама выдаваць вартую ўвагі электронную музыку на ўласным лэйбле Ezhevika.

У склад жывой CherryVata акром Дыямаса Рола ўвойдзе бубнач Павал Горбач, саксафаніст Фёдар Малікін, гітарыст Аляксей Доўнар, які разам зь Зьмітром заснаваў гэты праект у 2003 годзе. Пры мікрафоне будзе новая вакалістка — Кацярына Штырц. У новую праграму каманды ўвойдуць абраныя старыя рэчы, у тым ліку тыя, якія Diamos Roll стварыў разам зь сьпявачкай Русяй у іх сумесным праекце, а таксама новыя кампазыцыі. Музыкі заяўляюць, што яны істотна пераглядаюць аранжыроўкі ранейшых песень і дадаюць, што на сольных канцэртах іх склад будзе пашырацца за кошт гасьцей. Мяркуецца таксама запісаць беларускамоўны трэк.

Цяпер CherryVata працуе над новым самотнікам. Адзін з новых трэкаў — «Dream» — яны паказалі ўжо слухачам. Ужывую гурт плянуе выступіць 30 красавіка. Пра месца і час падзеі музыкі неўзабаве паведамяць у сваёй афіцыйнай суполцы.

Tuzin.fm, фота Максіма Нікалайчыка

Відэа з апошняга жывога выступу CherryVata ў Менску, красавік 2010, клюб «Рэактар»