Neuro Dubel выклаў «На Марс!». Кульлінковіч: «Будзем працаваць ды ісьці наперад» (аўдыё)
2145 / 0
20.04.2015

Neuro Dubel выклаў «На Марс!». Кульлінковіч: «Будзем працаваць ды ісьці наперад» (аўдыё)

20 красавіка адбыўся інтэрнэт-рэліз новага, 15-га нумарнога альбому гурта Neuro Dubel.

«Ва ўсім вінаваты бас-гітарыст, ён летась у курылцы неяк сказаў: „Саша, давай што-небудзь пра Марс напішам, людзей на Марс якраз набіраюць, знакавы год…“ Тады і прыйшла ідэя — чаго мудрагеліць, так і назавем песьню — „На Марс!“. Зыходзячы з гэтай назвы я песеньку напісаў, мы яе ўсе разам зрабілі. Нам яна настолькі моцна спадабалася, што мы вырашылі вакол яе нарасьціць усё астатняе „мяса“ ды зрабіць альбом», — распавёў парталу Tuzin.fm напярэдадні рэлізу лідэр гурта Аляксандар Кульлінковіч. Сам «віноўнік» — басіст каманды Яўген Броўка зазначае: «Гэта напэўна наш самы хуткі альбом. Запісалі мы яго за дзён шэсьць. Гітарысты і вакалісты пару гадзінаў на дзень працавалі, вельмі спрытна. Аранжыроўкі хацелася б зрабіць палепей, але бракавала часу. Паабяцалі публіцы, што альбом выйдзе пад канцэрт 10 красавіка, і гэтыя абставіны ўзялі нас у сваеасаблівыя межы». Гітарыст Neuro Dubel Віталь Абрамовіч дадае: «Вельмі някепскі альбом атрымаўся. У музычным пляне, я думаю, там знойдуцца трэкі, якія спадабаюцца і аматарам цяжкай музыкі, і натуральна, панку, року. Напэўна крыху не хапае ска, прыхільнікі Джа мусіць не ацэняць».

Адносна сытуацыі ў гурце, якая склалася пасьля жывой прэзэнтацыі альбому «На Марс!» Кульлінковіч зазначыў, што музыкі будуць надалей рыхтавацца да выступаў, на якіх «усё будзе правільна». Музыка заявіў, што здароўе яго «амаль багатырскае» і папрасіў прабачэньня ў тых, каго пакрыўдзіў. «Будзем працаваць ды ісьці наперад», — абнадзеіў ён прыхільнікаў каманды.

Cпампаваць цалкам альбом (і аддзячыць гурту) можна на афіцыйным сайце Neuro Dubel.

Tuzin.fm

за тыдзень
за тры месяцы