Чэскі нэт-лэйбл зацікавіўся авангардам зь Беларусі (слухаць)
1657 / 0
22.04.2015

Чэскі нэт-лэйбл зацікавіўся авангардам зь Беларусі (слухаць)

Авант-праект Klarneton выдаў альбом «Эцюды й мініятуры» ў Чэхіі.

Чэскі сеціўны лэйбл Signals from Arkaim выдаў першы ў сваім каталёгу беларускі альбом. Ім стаў шэраг запісаў авант-праекту Klarneton, абяднаных пад імем «Эцюды й мініятуры». Klarnetonадзін з выключна «хатніх», непублічных праектаў духавіка-імправізатара Віктара Сямашкі, які выступае ў дадзеным выпадку адзіным аўтарам і выканаўцам. Гэтае ўтварэньне адрозьніваецца ад іншых праектаў Сямашкі перадусім тым, што спэцыялізуецца менавіта на клярнэтнай музыцы: клярнэт салюе ва ўсіх кампазыцыях з акампанэмэнтам і без. «У клярнэта значна больш нявычарпаных магчымасьцяў, чым, напрыклад, у саксафона. Акром таго, гэта адзін зь нямногіх інструмэнтаў, які адначасова асацыюецца і з джазам, і з фальклёрам, і з акадэмічнай музыкай. Усе гэтыя тры грані так ці інакш праяўленыя ў рэлізе», — кажа аўтар.

Альбом праекту Klarneton «Эцюды й мініятуры» складаецца з 4 трэкаў. Запісы датуюцца 2010—2012 гадамі. Дагэтуль рэліз меў толькі самаробную CD-вэрсію. Віктар жартуе: «Трэкі расстаўленыя ў плэйлісьце паводле прынцыпу „ад мінімалізму да прымітывізму“». Па словах аўтара, першая кампазыцыя інсьпіраваная супрацай з расейским музыкам Васілём К., другая — даніна пашаны айчыннаму клезмэру, трэцяя пабудаваная на розных спосабах спалучэньня клярнэта з бас-домрай, а чацьвертая была запісаная падчас знаходжаньня ў Вільні ў Беларусім доме правоў чалавека.

Паслухаць і спампаваць альбом адным файлам можна на афіцыйным сайце лэйбла Signals from Arkaim.

Tuzin.fm

за тры месяцы