Баўгарскі лэйбл пра фры-джаз зь Беларусі: «Мы абсалютна ўпэўненыя, што гэта трэба выдаваць» (слухаць)
1826 / 0
10.05.2015

Баўгарскі лэйбл пра фры-джаз зь Беларусі: «Мы абсалютна ўпэўненыя, што гэта трэба выдаваць» (слухаць)

Альбом «Дзень Рэспублікі» беларускай фры-джазавай фармацыі «Фантастычныя плыўцы» выйшаў на баўгарскім лэйбле Mahorka.

Баўгарскі лэйбл Mahorka прадставіў новы альбом беларускае фры-джазавае фармацыі «Фантастычныя плыўцы». Трэк-ліст кружэлкі складаецца з трох маштабных кампазыцыяў, запісаных цягам мінулага году. У паўзах між трэкамі гучыць дзіцячы хор, узяты са старое нямецкае кружэлкі. Менавіта гэты сьпеў, пачуты лідэрам калектыву Віктарам Сямашкам напачатку 2000-х у горадзе Эмэрых, натхніў яго на стварэньне ансамблю зь імем «Фантастычныя плыўцы».

«Гэты альбом Плыўцоў“ і ёсьць першым, дэбютным, паўнавартасным, канцэптуальным і па-свойму манумэнтальным. На ягоным фоне ранейшыя запісы нулявых — гэта толькі накіды й спробы. Тут жа сабраўся той склад, пра які я марыў: музыкі з патрэбнымі інструмэнтамі й мысьленьнем. Акром таго, што таксама важна, між сабой мы выдатна камунікуем па-беларуску», — кажа Віктар.    

Стваральнік лэйблу Mahorka Іва Пятроў з захапленьнем кажа пра гэты рэліз: «Наш лэйбл існуе 15 гадоў. З сучасных беларускіх музыкаў мы ведаем Улада Бубна, гурт Blackpaperplanes, цікавыя праекты на Foundamental Network і ўразьлівую калекцыю на H-A-Z-E. Альбом „Фантастычных плыўцоў“ стаўся нашым першым беларускім рэлізам. Мы былі абсалютна ўпэўненыя, што гэта варта выдаваць як пачулі першы трэк. Мы радыя, што Беларусь нарэшце рэпрэзэнтаваная ў нашым каталёгу!»

У стварэньні альбому «Дзень Рэспублікі», акром Віктара Сямашкі (фартэпіяна), прынялі ўдзел Эрык Арлоў-Шымкус (кантрабас), Фрыд Самотны (сакс), Алесь Сямашка (бубны), гарадзенскі пэркусіяніст Ігар Адасік і адказны за шумавыя эфэкты Васіль Панкратаў. Назоў альбома тлумачыцца тым, што дзьве першыя кампазыцыі былі запісаныя ў дзень дзяржаўнага сьвята — 3 ліпеня 2014 году. А апошні трэк «Чарльстон» зьяўляецца жывым саўдтрэкам да нямога кіно Жана Рэнуара (1927). Дэманстрацыя фільму з музыкай «Фантастычных плыўцоў» адбылася падчас фэстывалю «Кінемо» ў музэі Азгура ў Менску.

Альбом «Дзень Рэспублікі» даступны для праслухоўваньня /спампаваньня на сайце лэйблу Mahorka ды іх старонцы на Bandcamp, а таксама на Archive.org.

Tuzin.fm