Rahis выдаў самотнік да 20-годзьдзя рэфэрэндуму: «Тады мы страцілі шанец» (прэм’ера)
1643 / 0
14.05.2015

Rahis выдаў самотнік да 20-годзьдзя рэфэрэндуму: «Тады мы страцілі шанец» (прэм’ера)

Гурт Rahis праансаваў выхад свайго новага альбому самотнікам «Эўропа», які пабачыў сьвет у 20-ю гадавіну падзеі, якая разьвярнула Беларусь на ўсход.

Тэкст песьні «Эўропа» быў створаны ў пачатку 2000-х, калі вакаліст Rahis Дзяніс Філіпенка вывучаў геаграфію ва ўнівэрсытэце і толькі марыў пра далёкія вандроўкі. З таго часу грамадзяне Беларусі сталі рэкардсмэнамі сьвету па шэнгенскіх візах, а беларуская моладзь вывучыла модныя кавярні суседніх сталіцаў ня горш за менскія, аднак краіна застаецца адкрытай мэнтальна толькі на ўсход, — мяркуе Дзяніс і тлумачыць гэта наступствамі ад рэфэрэндуму 1995 году. «20 гадоў таму быў страчаны адзін шанец. Напэўна хутка прыйдзецца зрабіць новы складаны выбар. Ёсьць надзея, што крытычны розум і пачуцьцё самазахаваньня беларусаў перамогуць страх і няўпэўненасьць», — кажа лідэр Rahis.

Самотнік «Эўропа» анансуе выхад другога поўнафарматнага альбому гурта Rahis, які атрымаў назву «Паміж сонцам і хмарамі». Музыкі кажуць, што ён выйшаў «больш дарослым і інтэлігентным» у параўнаньні з дэбютнікам «Сшытак з тэкстамі ў малюнках» (2010) і ў ім былі рэалізаваныя ўсе музычныя задумы. Рэліз альбому мае адбыцца ўжо ў гэтым месяцы.

Tuzin.fm, фота ­— Юра Сідун

Тэгi: