Unia спалучылі музыку Джэксана зь беларускай народнай (прэм’ера)
2156 / 0
19.05.2015

Unia спалучылі музыку Джэксана зь беларускай народнай (прэм’ера)

Гурт Unia прэзэнтаваў міні-альбом «Usled za taboj», куды ўвайшлі тры песьні.

Музыкі заяўляюць, што ў новых песьнях значна аблегчылі сваё гучаньне ды наогул ледзьве не зпапсіліся. Вакалістка Дар’я Трубіна ў камэнтары для Tuzin.fm не ўзялася вызначыць цяперашні стыль сваёй каманды, але зазначыла што гэты рэліз сьведчыць пра імкненьне ня проста інтэрпрэтаваць вядомыя народныя песьні па-свойму ў музычным пляне, але і спалучыць фальклёр з сваімі тэкстамі. Такія спробы музыкі рабілі і раней у сваім альбоме «Едзем» (2012). Ёсьць і экспэрымэнты чыста музычныя. Так, напрыклад, вядомую беларускую «Калядку» Unia злучыла зь «Billie Jean» Майкла Джэксана.

Міні-альбом «Usled za taboj» фіксуе прамежкавы стан гурта. Музыкі пакуль ня ведаюць па якім шляху пойдуць — ці будуць надалей працаваць зь беларускім фальклёрам, або пераарыентуецца на ўласную творчасьць.

Цалкам міні-альбом можна паслухаць на «Еўрарадыё», а сачыць за навінамі Unia можна праз афіцыйную суполку каманды.

Tuzin.fm, фота Яўгена Ерчака