Tonqixod і «Ляпіс Трубяцкі» ў фаварытах Rock Profi
1717 / 0
26.05.2015

Tonqixod і «Ляпіс Трубяцкі» ў фаварытах Rock Profi

Абвешчаны намінанты прафэсійнай музычнай прэміі Rock Profi 2015, уручэньне якой адбудецца 28 траўня.

Прэмія ўручаецца па выніках працы ў 2014 годзе. Больш за ўсіх намінацыяў — тры — атрымалі гурты «Ляпіс Трубяцкі» і Tonqixod. «Ляпісы» прэтэндуюць на перамогу ў намінацыях «Найлепшая песьня» («Воины света»), «Найлепшы запіс» (альбом «Матрёшка») і «Артыст году». Маладыя арт-рокеры Tonqixod, якія гэтай вясной нарабілі шуму на ўзнагародах Experty.by, прадстаўленыя ў намінацыях «Найлепшы альбом» («Прадмова»), «Найлепшы запіс» (альбом «Прадмова») і «Дебют году». Па дзьве намінацыі ў Лявона Вольскага, а таксама гуртоў Akute, The Toobes, «Серебряная свадьба».

Намінантаў вызначала журы прэміі, у якое ўваходзяць беларускія музыкі, што выдалі поўнафарматныя альбомы цягам апошніх трох гадоў (гэтым разам 2012—2014). У галасаваньні ўзялі ўдзел больш за 60 гуртоў і сольных артыстаў. У першым туры на разгляд патрапіла 39 альбомаў і больш за 100 песень, выдадзеных у выглядзе сынглаў і кліпаў. Лідэры галасаваньня сталі намінантамі і патрапілі ў другі тур. Прэмію ладзяць студыя «Осмос» і сайт Experty.by.

Поўны сьпіс намінантаў выглядае такім чынам (у альфабэтным парадку):

«Найлепшы альбом»: Akute «Рэальнасьць і сны», Лявон Вольскі «Грамадазнаўства», The Toobes «Road to the Big Time», Tonqixod «Прадмова».

«Найлепшы запіс»: Ляпіс Трубяцкі «Матрёшка», Port Mone «Thou», The Toobes «Road to the Big Time», Tonqixod «Прадмова».

«Найлепшая песьня»: Лявон Вольскі «Шэрая кроў», Ляпіс Трубяцкі «Воины света», Nizkiz «Цяпер і далей», Серебряная свадьба «Ag».

«Дэбют году»: .K, Earworm, Tonqixod, U.G.oslavia.

«Артыст году»: Akute, Дай дарогу, Ляпис Трубецкой, Серебряная свадьба.

Уручэньне прэміі адбудзецца 28 траўня ў бары «Хуліган» разам зь вялікім канцэртам, у межах якога выступяць гурты: «Вірус ліха», «Носорогов & Ко», Nizkiz, Harotnica.

Tuzin.fm

за тры месяцы
за тры месяцы