Pukstband зьмяняе назву. Пукст: «Я прытаміўся ад свайго імя» (відэа)
2089 / 1
27.05.2015

Pukstband зьмяняе назву. Пукст: «Я прытаміўся ад свайго імя» (відэа)

Сяргей Пукст у жартаўлівай форме паведаміў пра тое, што яго гурт зьмяняе назву з Pukstband на Pupkorn.

«Сёньня ў ноч з 26 на 27 траўня было прынятае няпростае рашэньне. Гурт Pukstband распадаецца на два калектывы — уласна Pukstband і Pupkorn. Pupkorn будзе па першым часе выконваць старыя гіты Pukstband, пакуль не напіша ў дастатковай колькасьці ўласных песень. Па першым часе Pukstband будзе з усіх сілаў дапамагаць гурту Pupkorn, паколькі музыкі граюць у абодвух праектах адны і тыя ж», — такі тэкст Сяргей Пукст распаўсюдзіў праз Facebook.

У камэнтары для Tuzin.fm Сяргей патлумачыў: «Канечне, гэта жартаўлівая абвестка, зробленая пад уражаньнем ад таго, што адбылося ў гурце „Ляпіс Трубяцкі“. Але тое, што вырашана зрабіць рэбрэндынг — гэта праўда. Pukstband сапраўды цяпер будзе выступаць пад новай назвай, бадзёрай і ніякай — Pupkorn». Музыка тлумачыць такое рашэньне тым, што ня хоча рабіць акцэнт у назьве на самім сабе. «Хачу адвязацца ад свайго імя ў праекце, па-шчырасьці гэта прытаміла ўжо, бо выглядае, што выступае Пукст і тры акампаніятары. На самой справе наш гурт — цэльны арганізм і кожны зь яго ўдзельнікаў бярэ ўдзел у стварэньні музыкі», — кажа Пукст.

Разам зь Сяргеем Пукстам у гурце граюць Максім Кот-Кузьма (бас), Алег Вайтулевіч (барабаны), Цімур Рэйзіс (клявішы). У 2014 годзе «Последний альбом» Pukstband быў уганараваны як рок-альбом году на ўзнагародах Experty.by. Першы канцэрт пад новай назвай  Pupkorn музыкі зьбіраюцца даць у клюбе «Графіці» пры канцы чэрвеня. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: