Гурт «ГБП» зьняў кліп на «Жлобскую нацыю». Шалкевіч: «Шкада, што песьня актуальная» (відэа)
2770 / 0
01.06.2015

Гурт «ГБП» зьняў кліп на «Жлобскую нацыю». Шалкевіч: «Шкада, што песьня актуальная» (відэа)

«Групіроўка Белавежская пушча» (скарочана — ГБП) Фёдара Міхайлава зрабіла сваю вэрсію песьні Віктара Шалкевіча «Добрай раніцы, жлобская нацыя».

«Гэтая песьня пра нас, пра далёкіх і блізкіх суседзяў. Давайце пасьмяемся над сабою і тым самым зробім гэты сьвет крыху весялейшым і лепшым», — кажа лідэр «Групіроўкі Белавежская пушча» Фёдар Міхайлаў (на фота), прадстаўляючы сваю новую працу наведнікам Tuzin.fm. Ён вырашыў пераўвасобіць па-свойму вядомую песьню Віктара Шалкевіча «Добрай раніцы». Кавэр гэты ўдзельнічаў у конкурсе «Засьпявай 2.0», а таксама ўвайшоў у новы альбом ГБП пад назвай «Second Hand». Альбом прадстаўляецца так: «Вашай увазе — каханьне ў час чумы, зомбанавіны, песьні Б/У, вершы УК, мэлёдыі ГОСТ, цытаты TV і шаблёны Homo Sapiens». Праграма задумана ў Санкт-Пецярбургу, на вуліцы Гарохавая каля крамы «Сэканд-хэнд», а запісвалася ў Менску на «ФМ Studio». Акром «Добрай раніцы» ў дыск увайшла яшчэ адна беларускамоўная рэч — «Вясна».

Кавэр на «Добрай раніцы» музыкі ўзгаднілі зь яе аўтарам. Віктар Шалкевіч паслухаў і сказаў, што гэта вэрсія мае поўнае права на жыцьцё: як кліп, так і гукавая сьцежка: «Так яны бачаць і чуюць „Жлобскую нацыю“ ў 2015 годзе. Песьня далёка не маладзенькая: ей ужо каля 25 гадоў! Шкада, што яна дагэтуль актуальная, вельмі шкада… А слаўнай музычнай моладзі жадаю новых цікавых твораў і дасягненьняў на глебе айчыннага шоўбізнэсу», — зазначыў сьпявак.

Цалкам з альбомам «Second Hand» можна пазнаёміцца праз афіцыйную суполку гурта, а спампаваць — на афіцыйным сайце «Групіроўкі Белавежская пушча».

Tuzin.fm