HandmadE прысьвяцілі свой самотнік імпэрцам і ватнікам (аўдыё)
2014 / 0
18.06.2015

HandmadE прысьвяцілі свой самотнік імпэрцам і ватнікам (аўдыё)

Яўген Валошын і Ўладзімер Пыльчанка запісалі новую песьню «Не сьвяці ты гэтым паскудам», якая зусім нехарактэрная для ранейшай творчасьці гурта.

Новая песьня HandmadE паўстала зь вершу Глеба Лабадзенкі «Ворагам беларушчыны». Адметнасьць кампазыцыі ў тым, што ў ёй няма ані басу, ані бубнаў. «Такі варыянт падказаў запісаць Віталь Гуркоў. Але ён па факце не атрымаўся аблегчаным. Выйшаў іншы фармат, да якога людзі не былі гатовыя. Але нам спадабалася. Гэтак жа яна гучыць і жыўцом», — кажа вакаліст гурта Яўген Валошын.

Песьня выйшла ня надта характэрнай для гурта і з тэматыкі. Валошын кажа, што прысьвячае яе «карупцыянэрам, імпэрцам і ватнікам, якія паразытуюць у Беларусі і выцягваюць з нас сокі»: «Мы спадзяемся, што ў лёсавырашальны момант само сонца дапаможа Беларусі пазбавіцца ад усёй гэтай д’ябальскай нечысьці. Ці людзі, якія прымаюць гэта за норму, зьменяцца і павернуцца тварам да праўды і дабрыні».

Цяпер HandmadE рыхтуе яшчэ адзін неўласьцівы для сваёй ранейшай творчасьці трэк — пра беларуса, які ўцёк з краіны ад крымінальнага пакараньня, жыў на Зямлі Інкаў і пераехаў ва Ўкраіну, калі пачалася вайна. Прыхільнікаў больш лірычнага боку гурта, Яўген Валошын супакойвае — ёсьць у яго і новыя песьні пра каханьне.

Свае найлепшыя гіты і новыя кампазыцыі HandmadE пакажа 3 ліпеня падчас свайго сэту на тэрасе кавярні «Chill-Out» у дворыку на плошчы Свабоды, 4. Музыкі падтрымаюць сваім выступам фіналістку конкурсу «Засьпявай 2.0» — Pauline. Квіткі ўжо ў папярэднім продажы.

Tuzin.fm