Ягор Сурскі перасьпяваў самую вядомую шатляндзкую песьню па-беларуску (прэм’ера)
3174 / 0
23.07.2015

Ягор Сурскі перасьпяваў самую вядомую шатляндзкую песьню па-беларуску (прэм’ера)

Кампазыцыя «Auld Lang Syne» загучала ў перакладзе Сьцяпана Пуцілы і ўвойдзе ў дэбютны альбом сьпевака.

«На добры ўспамін» — другі сынгл з дэбютнага альбому Ягора Сурскага, у які ўвойдуць абраныя рэтра-нумары з розных часоў. Раней сьпявак прадставіў на Tuzin.fm песьню «Нёман» Нестара Сакалоўскага і Анатоля Астрэйкі ва ўласным выкананьні. «Auld Lang Syne» зьяўляецца самай вядомай у сьвеце мэлёдыяй шатляндзкага паходжаньня. Тэкст да гэтай песні пра сяброўства стварыў паэт Робэрт Бэрнз у канцы XVIII стагодзьдзя. Шатляндцы традыцыйна сьпяваюць яе 31 сьнежня падчас сьвята Хогмэнай. Мэлёдыя хутка стала папулярнай і вядомай у іншых краінах, бо шатляндзкія эмігранты заўсёды бралі яе з сабой.

«Шматлікія інтэрпрэтацыі прычыніліся да таго, што яна набыла свой сэнс у залежнасьці ад краіны выкананьня, — кажа Ягор. — У Японіі яе сьпяваюць школьнікі падчас выпускной вечарыны. У італьянскай вэрсіі „Valzer delle candelle“ яна стала песьняй пра каханьне. Сярод вядомых выканаўцаў яе выконвалі опэрны сьпявак Бэрнард Ладыш (Польшча), эстрадная сьпявачка Мільва (Італія) ды іншыя. І я падумаў — чаму б не зрабіць беларускі варыянт гэтай песьні». Пераклад на беларускую «Auld Lang Syne» ўжо існаваў — яго зрабіў Язэп Семяжон, той самы, хто пераклаў «Песьню пра зубра». Але Ягор сьпявае ў іншым перакладзе — вучня 11 клясы Сьцяпана Пуцілы.

Жывая прэм’ера беларускай вэрсіі «Auld Lang Syne» мае прайсьці 24 ліпеня на тэрасе Chill Out падчас чарговага канцэрту з сэрыі «Засьпявай 2.0». Сурскаму будзе акампанаваць на фано Пятро Клюеў.

Tuzin.fm