Вольга Акуліч афіцыйна абвесьціла пра спыненьне існаваньня гурта «Верасень» (аўдыё)
1657 / 0
31.07.2015

Вольга Акуліч афіцыйна абвесьціла пра спыненьне існаваньня гурта «Верасень» (аўдыё)

Сьпявачка прадставіла трэцюю частку свайго акустычнага праекту #Volha і цяпер шукае назву для свайго новага гурта.

EP «Чыгуначны блюз», запісаны разам з блюзавым гітарыстам Дзянісам Балахонавым («Пьяные гости», Denny&Willie Blues Mob, Big Daddy Blues) працягвае сольны праект Вольгі Акуліч. Да гэтага былі прадстаўленыя трэкі, запісаныя разам з Андрэем Вайцэхоўскім і Юрыем Несьцярэнкам. У новы рэліз увайшлі два трэкі «Мой блюз» і «Муза блюзмэна». 6 жніўня музыкі прадставяць песьні ўжывую на сумесным выступе ў бары «Брыстл» (вул. Альшэўскага, 10). Неўзабаве Вольга абяцае чацьвертую частку праекту, а па выніку зьбіраецца прадставіць паўнавартасны альбом.

Адносна свайго гурта «Верасень» Вольга Акуліч сказала, што ён больш не існуе. Сьпявачка набрала іншы склад музыкаў і цяпер шукае назву для свайго новага гурта дзеля чаго была абвешчаная нават акцыя «Скрыня піва за назву». Свой варыянт можа прапанаваць кожны праз афіцыйную суполку гурта. Музыкі ўжо маюць каля 60 варыянтаў. Канчатковы выбар будзе зроблены ў жніўні.

Tuzin.fm