Віктар Сямашка выдаў «летувіскі» альбом
1961 / 1
01.08.2015

Віктар Сямашка выдаў «летувіскі» альбом

Аўтар рубрыкі !OUT на Tuzin.fm выдаў альбом па выніках свайго падарожжа ў Летуву.

Цягам чатырох дзён адбыліся чатыры выступы Віктара Сямашкі ў чатырох гарадох Летувы, а празь месяц яшчэ два ў Вільні. Запіс асноўнага матэрыялу адбыўся акурат у Ноч музэяў: Віктар выступаў дуэтам з Раманам Ярашам у доме-музэі Вэнцлова ў Вільні. Асобныя трэкі былі зафіксаваныя падчас канцэртаў Друскеніках ды Лейпунах. 18-хвілінны трыптых «Vilnius Axis», што даў імя ўсяму альбому, быў сыграны ў Зарэччы (Užupis Art Incubator). Там кампанію Віктару склалі мясцовыя музыкі Вадзім Каратаеў і Мілда Арчыкаўскайтэ. На рэдагаваньне, кампаноўку й частковы мантаж матэрыялу пайшоў цэлы год.

Віктар Сямашка згадвае тую вандроўку з захапленьнем: «Падарожжа было незабыўнае! У школе мастацтваў у Друскеніках я ўпершыню публічна пайграў на клявэсіне. А ў музэі ў горадзе Лязьдзіяй пад дуду пачала сьпяваць хорам уся заля, бо дзякуючы „Крамбамбулі“, я развучыў нацыянальны найгрыш „Ant kalno mūrai“. Шкада, што гэты момант не запісаўся. Выступ зь віленчукамі Вадзімам і Мілдай на вольным (ва ўсіх сэнсах) паветры стаўся пэўнай кульмінацыяй. Там я прачытаў сваё прысьвячэньне Вільні, напісанае акурат перад выступам».

Большасьць кампазыцыяў на альбоме Віктар Сямашка выконвае самастойна з выкарыстаньнем разнастайных духавых, пэркусійных і клявішных інструмэнтаў разам эфэктам digital delay. Атрымалася чыста імправізацыйная, але ў той жа час мікрацыклічная музыка, заснаваная на закальцаваных фразах, мэлядычных колах рознага дыямэтру. Некаторыя з сыграных Віктарам рэчаў ужо пасьпелі стаць яго асабістымі «стандартамі». То бок, у зьменлівым выглядзе яны доўга вандравалі з канцэрту ў канцэрт, каб набыць больш-менш завершаную форму менавіта ў Летуве. Вокладкай альбома стала праца Віктара Сямашкі-старэйшага «Ганчар», напісаная ў 1976 годзе.

Альбом можна спампаваць на старонцы лэйбла Haze.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Віктар Сямашка / адказаць
    15.08.2015 / 19:44

    "Латыскі" альбом у дадатак :)
    Запіс зь сёлетняга канцэрту ў Вэнтсьпілсе.
    https://archive.org/details/ViktarSiamashkasolBez

  • КАМЕНТАВАЦЬ

за тры месяцы