Удзельнікаў панк-канцэрту вызвалілі ў залі суду (абноўлена)
2094 / 0
03.08.2015

Удзельнікаў панк-канцэрту вызвалілі ў залі суду (абноўлена)

Каля паўсотні ўдзельнікаў нелегальнага канцэрту пад Менскам былі затрыманыя ўвечары 1 жніўня. Большасьць была адпушчаная ў той жа вечар, два чалавекі правялі ноч у пастарунку, а яшчэ тры апынуліся ў залі суду.

Удзельнікаў панк-канцэрту вінавацяць па трох артыкулах — супраціў супрацоўнікам міліцыі, удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, знаходжаньне ў нецьвярозым стане і расьпіцьцё алькаголю ў грамадзкім месцы. Паводле інфармацыі сайту abc-belarus.org, затрыманьні адбыліся позна ўвечары, каля 22:00 1 жніўня на канцэрце пад Менскам, у лесе паблізу чыгуначнай станцыі Зялёнае. На канцэрце прысутнічала каля 150 гледачоў, падчас яго прыехалі аўтазакі з АМАПам, частка прысутных была затрыманая і дастаўлена ў Ждановіцкі аддзел міліцыі. БелаПАН паведамляе пра 40—50 затрыманых. Відавочцы кажуць, што затрымлівалі досыць жорстка, кідалі хлопцаў тварам да зямлі, але дзяўчын не чапалі. Ёсьць сьведчаньні відавочцаў пра тое, што затрыманых зьбівалі ў аўтазаку, а таксама ў самім пастарунку. Пасьля складаньня пратаколаў большасьць адпусьцілі, пяцёра чалавек затрымалі да суду, прызначанага на 9:00 1 жніўня ў судзе Менскага раёну.

АМАП пэрыядычна робіць аблавы на панк-канцэртах. 10 студзеня гэтага году затрыманьні адбыліся на канцэрце італьянскага панк-гурта KalashnikovПасьля таго выпадку ў сеціве зьявіўся маніфэст, падпісаны як «Аўтаномныя групы анархістаў Менску». У ім заяўлялася, што нягледзячы на спробы запужаць, канцэрты будуць працягвацца, людзі будуць і надалей займацца пратэставай дзейнасьцю.

3 жніўня, 10:20.  У заяўлены раней час удзельнікаў канцэрту ў суд не прывезьлі.

11:39. Як стала вядома парталу Tuzin.fm, у канцэрце 1 жніўня ў Зялёным быў заяўлены выступ гуртоў Destroyers, Chaos Machine, Grossman, Time2begin ды іншых. Пасьля панк/гард-кор вечарыны меркавалася зладзіць дыскатэку. Ніякіх дазволаў на правядзеньне мерапрыемства ў мясцовых уладаў арганізатары ня бралі. Інфармацыя распаўсюджвалася сярод сваіх — праз закрытыя суполкі ў сацсетках.

12:36. Тры чалавекі, якіх меліся судзіць, былі вызвалены ў дзень суду на рашэньне судзі. Пратаколы, складзеныя на іх, былі адпраўленыя на дапрацоўку. Пра гэта паведаміў БелаПАН са спасылкай на аднаго з арганізатараў канцэрту. Яшчэ двух чалавек адпусьцілі яшчэ да суду — 2 жніўня. Маладыя людзі, якіх меліся судзіць, плянуюць зьняць пабоі і абскардзіць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама стала вядома, што ўся апаратура ды інструмэнты на суму каля 8 тысячаў даляраў, былі канфіскаваныя міліцыяй.

Tuzin.fm