Trubetskoy выракаецца «Ляпісаў», але назву мяняць ня будзе: «Гэта не салідол» (відэа)
1754 / 0
31.08.2015

Trubetskoy выракаецца «Ляпісаў», але назву мяняць ня будзе: «Гэта не салідол» (відэа)

Музыкі заяўляюць, што цалкам вызначыліся з сваёй новай канцэпцыяй і маюць уласных песень на цэлы дыск.

Гурт Trubetskoy сваё слова стрымаў і ад восені эксплюатаваць рэпэртуар гурту «Ляпіс Трубяцкі» ня будзе. Вакаліст каманды Павал Булатнікаў ад імя ўсяго гурта заявіў, што цяпер ня мае патрэбы ў «мыліцах у выглядзе гітоў „Ляпісаў“». Разьвітаньне выйшла кранальным — рэжысэр Аляксей Церахаў змантаваў новы кліп пад сумную песьню «Завершается игра», з выкарыстаньнем кадраў са сваіх жа ранейшых працаў, зьнятых для «Ляпісаў». Песьні дужа блізкая па духу да ранейшай стылістыкі гурта. Каб з гадоў 10 таму ўвесь склад гурта раптам вырашыў сысьці ад свайго лідэра, то яе вельмі проста ўявіць у выкананьні Міхалка. Булатнікаў пяе пра тое, як крыўдна і недарэчна ўсё сканчаецца ды, між іншым, іранічна абяцае зацікавіцца «барацьбой і бегам». Песьню, дарэчы, напісаў удзельнік аднаго зь першых складаў «Ляпісаў» Аляксандар Ролаў — у пэўны час суаўтар Міхалка.

На кастрычнік анансуецца выхад новага альбому гурта, які цалкам будзе складацца з новых песень. Тым ня менш музыкі будуць і надалей выступаць пад назвай Trubetskoy. Чаму так? «Назва гурта — гэта як імя ў чалавека. Мы дарослыя мужчыны і нам не салідол зьмяняць назву праз прапанаваныя абставіны. Калі так разваліліся, чаго ўжо адступаць? Будзем крочыць далей», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm прадусар гурта Яўген Калмыкоў. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што цяпер ужо абсалютна дакладна вызначана, што «Trubetskoy і „Ляпіс Трубецкой“ — гэта два розныя праекты». Цяперашнюю канцэпцыю гурта Trubetskoy Калмыкоў акрэсьліў як «heavy dance music!».

25 верасьня гурт Trubetskoy мае адкрыць трохтыднёвы «October Festival», які пройдзе пад Менскам у загарадным комплексе Камарова. Падрабязнасьці неўзабаве на Tuzin.fm.

Tuzin.fm