Славенскі фэст «MENT Ljubljana»: «Мы чакаем беларускіх музыкаў»
1648 / 1
01.09.2015

Славенскі фэст «MENT Ljubljana»: «Мы чакаем беларускіх музыкаў»

Музыкі зь Беларусі, якія працуюць у стылях рок, індзі і электроніка, могуць паўдзельнічаць у найбуйнейшым на Балканах шоўкэйс-фэстывалі.

«Даводзілася ўжо чуць беларускіх артыстаў і мы надзвычай уражаныя іх узроўнем, таму з радасьцю запрашаем на свой фэстываль музыкаў з вашай краіны, каб дапамагчы зьвярнуць на іх увагу адмыслоўцаў з усёй Эўропы», — заяўляе Мацьяж Манчэк, мэнэджар музычнай праграмы MENT Ljubljana, які лічыцца найбуйнейшым на Балканах шоўкэйс-фэстывалем. Ён аб’ядноўвае трохдзённую сэрыю канцэртных выступаў і прадстаўнічую музычную канфэрэнцыю. Сёлета яго наведалі некалькі тысяч гледачоў, а таксама каля 300 спэцыялістаў і музыкаў з 27 краінаў свету. Больш за 30% артыстаў-удзельнікаў MENT Ljubljana 2015 атрымалі запрашэньні на далейшыя канцэрты і фэсты Заходняй, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Артысты, якія прайдуць адбор у канцэртную праграму, атрымаюць бясплатнае жытло ў дзень мерапрыемства, кампэнсацыю транспартных выдаткаў у памеры 250 эўра (на гурт), а таксама бясплатны пропуск для аднаго чалавека на канфэрэнцыю і доступ да базы кантактаў дэлегатаў фэстывалю. Заявы прымаюцца ад гуртоў, якія працуюць у стылях рок, індзі і электроніка да 14 верасьня праз букінгавы сэрвіс Gigmit. Падрабязнасьці можна даведацца праз афіцыйны сайт MENT Ljubljana.

Сам фэстываль пройдзе з 3 па 5 лютага ў сталіцы Славеніі Любляне.

Tuzin.fm

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    09.12.2015 / 11:57

    З 60 дасланых з нашай краіны заяваў арганізатары абралі індзі-поп праект Mustelide і пост-панк гурт Super Besse.

  • КАМЕНТАВАЦЬ