Vuraj, Паўлёнак, «Горынь» і Бенька возьмуць удзел у «Казачным джэме» (відэа)
2063 / 0
11.09.2015

Vuraj, Паўлёнак, «Горынь» і Бенька возьмуць удзел у «Казачным джэме» (відэа)

Шэраг беларускіх музыкаў падтрымаў ідэю зладзіць незвычайнае сьвята казкі для дзетак.

«Казачны джэм» — унікальнае для Беларусі мерапрыемства. Яго арганізатары вырашылі спалучыць у адной дзеі разнастайныя тэатральныя праекты, майстар-клясы, гульні і жывую музыку. Праходзіць сьвята будзе адразу на некалькіх пляцоўках менскага Цэнтру сучасных мастацтваў. «Мы хочам перанесьці дзетак ды іх бацькоў у цудоўны сьвет казак з дапамогай сцэнічнай дзеі і музыкі. Праект задуманы з мэтай дапамагчы дзецям і бацькам знайсьці агульныя цікавасьці ў тым, што зьвязана з апавяданьнем гісторыяў і казак, далучыцца да багатых нацыянальных культурных традыцыяў, зьвязаць паміж сабой розныя пакаленьні», — сказала ў камэнтары для Tuzin.fm арганізатар Натальля Ляванава.

У сьвяце прымуць удзел музычныя і тэатральныя калектывы, сярод якіх вядомы бэбі-тэатар «Бусы» з удзелам музыкі Леаніда Паўлёнка, творчая майстэрня Ганны і Паўла Харланчук-Южаковых «Горад сяброў», «Лямцавая батлейка», лялечны тэатар «БуСемаПа», тэатар «Люди и куклы», гурт «Горынь», хатні тэатар «Калейдаскоп», «Цыбулькавы тэатар», тэатар «Троллейбус в лесу», тэатар лялек, сьвятла і цені «Дом сонца», гурт «Lumiere Tales», гурт Vuraj.

Сьвята падтрымала таксама лідэр гурта «Серебряная свадьба» Сьвета Бень, якая 16 верасьня правядзе майстар-клясу «Папяровы тэатар на стале» для прафэсійных актораў і рэжысэраў. Напярэдадні «Казачнага джэму» з 22 да 25 верасьня тут жа пройдуць даклады экспэртаў па такіх тэмах, як казкатэрапія, казкі на беларускай мове, складаныя тэмы ў дзіцячай літаратуры, будзе нават закранутае такое пытаньне, як дарыць кнігі.

Прыбытак ад продажу квіткоў на «Казачны джэм» будзе перададзены «Беларускаму дзіцячаму хоспісу».

Папярэдні запіс на «Казачны джэм» і даведкі па тэлефонах: (029) 163-75-49; (029) 703-12-89.

Tuzin.fm

за тры месяцы