У Менску замест клюбу «Цэнтар» адкрываецца «Пляцоўка Хол»
3218 / 0
16.09.2015

У Менску замест клюбу «Цэнтар» адкрываецца «Пляцоўка Хол»

Новы клюб робіць стаўку на беларускі фармат.

«Клюб правёў рэбрэндынг. Цяпер усё будзе па-новаму: зьмяняецца назва, дызайн і фармат», — паведаміла парталу Tuzin.fm арт-дырэктар «Пляцоўкі Хол» Алена Галушка. Пляцоўка месьціцца ў будынку Палацу Рэспублікі, на Кастрычніцкай плошчы на месцы клюбу «Цэнтар», які праіснаваў шэсьць гадоў. У асноўным тут праходзілі дыскатэкі, але зрэдчас ладзіліся рок- і джаз-канцэрты. У сувязі са зьменай уладальнікаў пляцоўкі, вырашана было цалкам перагледзіць канцэпцыю. Цяпер стаўка робіцца на жывыя канцэрты перадусім беларускіх выканаўцаў штотыдзень, беларускую кухню і атмасфэру — нават афіцыянты будуць апранутыя ў нацыянальным стылі.

Цяпер на «Пляцоўцы Хол» даробліваюць рамонт: на танцпляцы зьявіўся подыюм зь сядзячай зонай і барныя стойкі ўздоўж танцпляцу, vip-кабіны цяпер будуць закрытыя, зь фіранкамі, пашыраны гардэроб, дапрацоўваюцца элемэнты дызайну. Плянаваная зьмяшчальнасьць клюбу — да 800 чалавек. Адкрыць дзьверы для наведнікаў у тэставым фармаце мяркуецца ўжо ў гэтую пятніцу — 18 верасьня тут адбудзецца канцэрт з удзелам Пятра Клюева, Яўгена Сокалава, Сяргея Башлыкевіча, Вожыка, а на 9 кастрычніка заплянаваны сольны выступ гурта «Разьбітае сэрца пацана».

Tuzin.fm