Tallinn Music Week 2016: даеш беларускі фольк!
1835 / 0
18.09.2015

Tallinn Music Week 2016: даеш беларускі фольк!

Найбуйнейшы ў краінах Балтыі і Ўсходняй Эўропы музычны шоўкэйс-фэстываль Tallinn Music Week адкрыў прыём заяваў ад беларускіх артыстаў і мэнэджараў.

Партнэрам фэсту ў Беларусі выступае сайт Experty.by. Яго кіраўнік Зьміцер Безкаравайны ў камэнтары для Tuzin.fm асобна зьвяртае ўвагу на гэты фэст беларускіх фольк-музыкаў: «Асабіста я вельмі хачу пабачыць на Tallinn Music Week беларускія фольк-гурты. Справа ў тым, што за апошнія гады прадстаўнікі фэстывалю двойчы абіралі фольк-праекты — гэта былі „Ветах“ і Altanka. Артысты пацьвярджалі свой удзел, але ў апошні момант праз тэхнічныя ці асабістыя прычыны менавіта на беларускім баку іх выступы зрываліся. Патэнцыял беларускай фольк-сцэны добра вядомы, але яго трэба рэалізоўваць на міжнародным узроўні».

Беларусы цягам двух гадоў зьяўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі Tallinn Music Week і апошнім разам нават паставілі рэкорд за ўвесь час фэстывалю па колькасэці заяваў ад замежнай дзяржавы. Летась выступалі беларускія артысты Super Besse, «Петля пристрастия», Deech, Alexei De Bronhe, Devil Dandies, Trubetskoy. Усяго ж летась канцэрты ў межах фэсту прайшлі на 36 клюбных пляцоўках, на якіх выступілі 206 артыстаў з 25 краінаў. Канцэрты наведалі 24 тысячы гледачоў, а таксама больш за 500 адмыслоўцаў з сфэры музычнай індустрыі.

Tallinn Music Week адбудзецца з 28 сакавіка да 2 красавіка 2016 году. Удзел у музычнай праграме бясплатны. Арганізатары забясьпечваюць абсталяваньне для выступу і жытло ў дзень канцэрту. Заявы ад артыстаў (поп, рок, электроніка, джаз, блюз, фольк, клясыка ды іншае) прымаюцца да 1 лістапада 2015 году. Таксама адкрытая рэгістрацыя дэлегатаў на канфэрэнцыю. Падрабязна пра варыянты ўдзелу на сайце Experty.by.

Tuzin.fm