Відэафакт. «Воплі Відоплясова» сьпяваюць па-беларуску ў цэнтры Варшавы
1641 / 0
05.10.2015

Відэафакт. «Воплі Відоплясова» сьпяваюць па-беларуску ў цэнтры Варшавы

Песьня «Краіна мрой» прагучала пры канцы акцыі «Салідарны зь Беларусьсю», якая прайшла ў польскай сталіцы 2 кастрычніка.

У традыцыйным канцэрце, які ладзіць штогод ініцыятыва «Вольная Беларусь», сёлета ўзялі ўдзел беларускія гурты Dzieciuki, Shuma, «Амплітуда сьмеласьці», польскія выканаўцы Аня Русовіч, Enej і Hańba! Закрываў вечар выступ украінскага гурту «Воплі Відоплясава». Алег Скрыпка скончыў свой сэт беларускамоўнай вэрсіяй кампазыцыі «Краіна мрой», якую разам з гуртом запісаў  для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». З украінскай яе пераклаў паэт Андрэй Хадановіч. Лідэр ВВ назваў гэты тэкст бездакорным і часьцяком выконвае яе ў гэтай вэрсіі на сваіх канцэртах. «Шчасьця, росквіту, перамогі і свабоды ў Беларусі і ва Ўкраіне. Слава і вялікая падзяка тым беларусам, якія цяпер ваююць за свабоду Ўкраіны, за свабоду Беларусі і ўсяго сьвету на ўсходзе Ўкраіне», — сказаў перад выкананьнем песьні ў Варшаве Алег Скрыпка.

Канцэрт «Салідарны зь Беларусьсю» прайшоў на пляцоўцы перад Палацам навукі і культуры, у самым цэнтры Варшавы. Акрамя музыкаў на сцэну ўздымаліся грамадзкія дзеячы з Польшчы і Беларусі. У тым ліку экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч і моладзевы лідэр Зьміцер Дашкевіч.

Tuzin.fm, відэа Алеся Ката-Зайцава, фота budzma.by