Гітарыст S°unduk Ягор Дзыгун заснаваў сольны праект (прэм’ера кліпа)
1794 / 1
04.12.2015

Гітарыст S°unduk Ягор Дзыгун заснаваў сольны праект (прэм’ера кліпа)

Напярэдадні выхаду сольнага альбому музыка прадставіў на Tuzin.fm кліп на кампазыцыю «Ліст да Дамініка».

Ягор кажа, што сачыняць пачаў яшчэ ў пэрыяд вучобы ў музычнай вучэльні, а потым і ў Акадэміі музыкі. З часам музыка набыла свае абрысы і аранжыроўку і вырашана было запісаць матэрыял. Да гітарыста далучыліся паплечнікі — Андрэй Маўрын (бубны, пэркусія), Максім Ласкутоў (клявішы), Сяргей Кунцэвіч (бас-гітара). Музыкі ўжо некалькі разоў выступілі ўжывую.

На адну з кампазыцыяў Ягора Дзыгуна рэжысэр Аляксандар Мелехавец зьняў відэа. Музыка абраў для ўвасабленьня трэк «Ліст да Дамініка». «Ёсьць такі ангельскі гітарыст Дамінік Мілер, ён найбольш вядомы з працы са Стынгам. Ён таксама сачыняе і запісвае сваю музыку. Гэта кампазыцыя — як музычнае вітаньне ды падзяка яму за творчасьць, бо часта так бывае, што творца натхняе іншых на стварэньне нечага свайго», — распавёў Ягор Дзыгун з нагоды прэм’еры. Кліп здымаўся сёлета ў жніўні і ў лістападзе, бо ідэя была ў тым, каб паказаць зьмену сэзонаў. Акром Аляксандра Мелехаўца над ролікам працаваў Уладзімер Скрыпка (апэратар, мантаж).

Налета Ягор Дзыгун зьбіраецца прадставіць свой сольны альбом.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: