Navi: «Давайце зробім так, каб беларуская мова загучала на ўвесь сьвет!» (аўдыё/відэа)
2246 / 0
14.01.2016

Navi: «Давайце зробім так, каб беларуская мова загучала на ўвесь сьвет!» (аўдыё/відэа)

Гурт Navi запускае акцыю «Я за беларускую мову на Эўравізіі!» у падтрымку сваёй беларускамоўнай песьні «Гэта зямля», зь якой 22 студзеня выступіць у фінале нацыянальнага адборачнага туру да гэтага міжнароднага конкурсу.

Navi маюць шанец сёлета паехаць на фэст «Эўравізія» ад Беларусі і ўпершыню за ўвесь час удзелу нашай краіны прадставіць там песьню на беларускай мове. Музыкі заявілі кампазыцыю «Гэта зямля».

«Беларуская — адна з найбольш мілагучных моваў Эўропы, якую, калі чуеш, так і хочацца нешта засьпяваць. Давайце зробім так, каб беларуская мова загучала на ўвесь сьвет. Давайце падзелімся з гэтай Зямлёй нашымі словамі, такімі шчырымі, мілагучнымі і дарагімі кожнаму беларусу!» — вядзецца ў звароце гурта з нагоды старту акцыі.

Падтрымаць акцыю «Я за беларускую мову на Эўравізіі!» можна ў некалькі спосабаў:

— распаўсюд інфармацыі ў сацыяльных сетках і СМІ, а таксама оф-лайн: неабходныя малюнкі і відэа, якія можна спампаваць і разьмяшчаць у сеціве можна ўзяць на сайце «Арт-Сядзібы». Малюнкі, плякаты і флаеры для друку можна ўзяць тут.

— удзел у конкурсе, які названы хэштэгам #06navi. Чаму вы хочаце бачыць Navi на «Эўравізіі»? Апублікуйце ў вашых сацыяльных сетках уласную прычыну, дадайце гэты фотаздымак і хэштэг #06navi. Музыкі абяруць самую цікавую і самую папулярную прычыны, а іх аўтары змогуць 22 студзеня трапіць у групу падтрымкі Navi на фінале адборачнага конкурсу, а таксама атрымаюць запрашальнік на сольны канцэрт гурта 14 лютага.

І самае галоўнае. 22 студзеня ў фінале нацыянальнага адборачнага туру міжнароднага конкурсу песьні «Эўравізія-2016» галасуем за №6 — гурт «Navi» зь песьняй «Гэта Зямля». Сёлета пераможцу нацыянальнага адбору вызначаць без журы. Галасуюць толькі гледачы з дапамогай тэлефоннага і СМС-галасаваньня падчас трансьляцыі фінальнага шоў у жывым этэры на «Беларусь 1» і «Беларусь 24», а он-лайн на сайтах tvr.by і eurovision.tv. Пачатак тэлевізійнага канцэрту ў 22:00. Каб прагаласаваць за гурт, трэба патэлефанаваць на нумар 8-810-101-05-06 ці даслаць SMS на нумар 2883 з тэкстам "06".

Tuzin.fm далучаецца да акцыі і жадае Navi ня толькі трапіць на «Эўравізію», але і перамагчы ў ёй!

Tuzin.fm

за тры месяцы
за тры месяцы