Барыс Штэрн выдаў альбом, напісаны на трох войнах (аўдыё)
3323 / 0
05.02.2016

Барыс Штэрн выдаў альбом, напісаны на трох войнах (аўдыё)

На лэйбле SunWoofer выйшаў альбом «Момент потерянной эйфории» беларуска-ізраільскага праекту «СлушатьВнаушниках».

Праект заснаваў Барыс Штэрн — контракультурны дзеяч Беларусі ў мінулым, а цяпер ізраільскі журналіст ды прававерны хасід. Да яго далучыліся музыкі Леанід Нарушэвіч («Князь Мышкін») ды Андзі Граф (Vacuumable), а таксама ізраільскі прадусар і кампазытар Уладзімер Ламбэрг. «Гэта вершы, якія былі напісаныя на трох войнах. Яны пра любоў, гаражы, тэорыі вялікага выбуху ды адзіноту. Галоўны мэсыдж, які мы нясем — жыцьцё ёсьць цудоўным!» — так прадстаўляе сваю працу аўтар. У запісе трэкаў выкарыстоўваліся як жывыя інструмэнты, так і віртуальныя сынтызатары. Большая частка была запісаная з дапамогаю пляншэту iPad ды мідзі-клявіятуры Xkey.

Альбом летась выйшаў саматугам, да гэтага на нашым партале быў прэзэнтаваны беларускамоўны сынгл зь яго — «Храм». 5 лютага адбыўся афіцыйны рэліз дыску на лэйбле SunWoofer. Яго сузаснавальнік Яўген Калмыкоў зазначае: «Акрамя тэмбру Боры, які мне бязьмежна падабаецца, тут ёсьць яшчэ выдатная музыка і рытмічна цікавая паэзія. Ня кажучы пра сэнс словаў! Выдатна заходзіць уначы на кухні, калі сон не ідзе».

Як паведаміў Tuzin.fm Барыс Штэрн, «СлушатьВнаушниках» пачаў працу над другім альбомам, які мае быць цалкам беларускамоўным.

Альбом «Момент потерянной эйфории» даступны для спампаваньня на iTunes.

Яшчэ: «СлушатьВнаушниках». Габрэі выйшлі з-пад кантролю

Tuzin.fm, фота Дзьмітрыя Кантара