Tlusta Lusta перасьпявалі N.R.M. на музыку Ramones (прэм’ера!)
2121 / 0
15.02.2016

Tlusta Lusta перасьпявалі N.R.M. на музыку Ramones (прэм’ера!)

Гарадзенскі панк-рок гурт прадстаўляе на Tuzin.fm першы за тры гады студыйны запіс, якім анансуе сваю новую праграму.

Пераможцы «Басовішча-2008» прасоўваюцца штуршкамі — пасьля актыўнай дзейнасьці бяруць паўзу на некалькі гадоў, каб потым зноў паўстаць ды заявіць пра сябе. Новы самотнік гурта — першы запіс пасьля выхаду альбому «Пераначуеш – больш пачуеш» (2013), які быў запісаны ў сваю чаргу пасьля 5-гадовага перапынку.

Новы этап гарадзенцы пачынаюць з кавэраў, хоць свайго матэрыялу маюць багата. Вырашылі запісаць і выдаць кавэр на песьню «Трактар» зь першага альбому N.R.M. «LaLaLaLa» (1995). «Песьня нам цікавая тым, што ў словы ў ёй належаць беларусам N.R.M., а музыка — амэрыканцам з Ramones. Нам якраз такая была і патрэбная — каб ня 100% гіцяра, але добрая. А яшчэ ў ёй Горадня згадваецца, што канчаткова вызначыла выбар», — патлумачыў Tuzin.fm вакаліст гурта Кірыла Богуш. Фактычна ў гэтай вэрсіі ён рэалізаваў даўняе сваё жаданьне: «У N.R.M. заўсёды не ставала энэргічных панк-песень, хацелася, каб іх музыка загучала хутка. Sex Pistols, Ramones, Misfits — нашая тэма. Цяпер у гэтай тэме і N.R.M.!» 

Tlusta Lusta грае олдскульны панк-рок. Музыкі дарабілі ўжо новую праграму і ўжо гатовыя да актыўнай канцэртнай дзейнасьці. Сачыць за гуртом можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm

за тыдзень
за тры месяцы