Orkester Kruglikov. Музыка, пазбаўленая трэндавага шалупіньня (аўдыё)
2522 / 0
19.02.2016

Orkester Kruglikov. Музыка, пазбаўленая трэндавага шалупіньня (аўдыё)

Былы ўдзельнік дуэту MЯTNA Юры Круглікаў запісаў трэці па ліку альбом «Nomen Est Omen» («Імя мае сутнасьць»).

Музыка задумаў сваю новую працу, як цыкль невялікіх п’есаў для фартэпіяна. «Было дужа цікава папрацаваць у новай для мяне эстэтыцы ды адмовіцца ад напышлівых электронных ды арт-рокавых аранжыровак, да якіх я імкнуўся раней. Я засяродзіўся на чыстай музыцы, пазбаўленай трэндавага шалупіньня», — распавядае пра сваю працу Юры Круглікаў. Музыка ўключыў у свае п’есы некалькі дадатковых інструмэнтаў, каб узмацніць цэнтральную музычную думку, якую ўвасабляе партыя фартэпіяна.

Трактаваць назву альбому яго аўтар прапануе як заўгодна. «Гэтыя словы прыйшлі да мяне як адкрыцьцё і маюць вялікае мноства трактовак. Гэта закальцаваная сэнсавая рэкурсія, якая можа быць успрынятая як апатэоз агнастыцызму», — кажа музыка.

«Nomen Est Omen» — яго трэцяя сольная праца пасьля спыненьня дзейнасьці праекту MЯTNA. Да гэтага былі выдадзеныя рэлізы «Krater Locater» (2013) і «Крэкс! Пэкс! Tracks!» (2015). Сачыць за навінамі Orkester Kruglikov можна праз афіцыйныя суполкі FB/УК. Часовая спасылка на спампаваньне альбому.

Яшчэ: !OUT: Orkester Kruglikov наэлектрызаваў «Бураціну» (прэм'ера LP)

Tuzin.fm

за тыдзень
за тры месяцы