Мікіта Васільеў [ех (((О)))] заснаваў праект Skaen: «Чакайце этнікі ды псыхадэлу!» (аўдыё)
2473 / 0
22.02.2016

Мікіта Васільеў [ех (((О)))] заснаваў праект Skaen: «Чакайце этнікі ды псыхадэлу!» (аўдыё)

Музыка лічыць, што цяперашні ягоны праект куды больш упарадкаваны і больш якасны.

Адзін з самых таленавітых беларускіх электроншчыкаў летась закрыў праект (((О))), выдаліўшы ўсе свае ўліковыя запісы з сацсетак. Але музыкі ня кінуў — у абстаноўцы поўнай сакрэтнасьці ён адразу ж пачаў працу над новым праектам — Skaen, названага ў гонар бога схаванай помсты з кампутарнай гульні «Pillars of Eternity». «Не, я ня мару пра тое, каб сілы зла захапілі наш сьвет, проста мне даспадобы цёмная эстэтыка», — патлумачыў Мікіта Васільеў у камэнтары Tuzin.fm і кажа, што цяпер фінансавы складнік аніяк не паўплывае на ягоную дзеяздольнасьць: «Я вырашыў прыцягваць як мага меней увагі да сябе, мне так больш камфортна».

Skaen у пляне гучаньня ўяўляе зь сябе на 90% вітч-гаўс і на 10% варыяцыі на тэму. Галоўнае адрозьненьне ад папярэдняга праекту, са словаў музыкі, перадусім у большай музычнай упарадкаванасьці ды ў вышэйшай якасьці матэрыялу. Пабачыў ужо сьвет дэбютны EP «Vengeance». Цяпер рыхтуецца новы рэліз, які будзе прысьвечаны творчасьці амэрыканскага пісьменьніка Гоўарда Лаўкрафта. А увосень Мікіта плянуе выдаць паўнавартасны альбом Skaen. «Чакайце шмат этнічнай пэркусіі ды псыхадэліі», — кажа гомельскі музыка.

5 сакавіка Skaen выступіць у менскім «Графіці».

Tuzin.fm