Міхалок папрасіў прабачэньня ў фанатаў «Ляпісаў»
1769 / 0
13.03.2016

Міхалок папрасіў прабачэньня ў фанатаў «Ляпісаў»

Музыка скарэктаваў сваю пазыцыю адносна творчай спадчыны гурта, зь якой сілкуецца як ягоны новы гурт Brutto, так і гурт ягоных былых паплечнікаў Trubetskoy.

Міхалок люта разышоўся з часткаю музыкаў з гурта «Ляпіс Трубяцкі», які заснавалі гурт Trubetskoy. Праз афіцыйныя акаўнты свайго гурта Brutto ён назваў экс-калегаў «сэпаратыстамі» і забараніў выконваць творы, якія ўваходзілі ў рэпэртуар гурту «Ляпіс Трубяцкі». 13 сакавіка, практычна праз год пасьля той заявы, Сяргей Міхалок заявіў, што просіць прабачэньня. Але не ў сваіх былых паплечнікаў, а ў фанаў «Ляпіса Трубяцкога». І патлумачыў якія былі канкрэтныя дамоўленасьці.

«Яны зьбіраліся сьпяваць лірыку ці сьцёб раньняга „Ляпіса“ і запісваць уласныя песьні ў такім жа стылі. Размова вялася пра выданьне сынглу, дзе будзе пару „ляпісаўскіх“ і пару новых песень. То бок яны мусілі былі рызыкаваць як Brutto, і ствараць новы прадукт. А я бачу, што яны зьяўляюцца на фэстывалі Respublica ў той жа адзёжы (тыпа ска-панк і „каліфарнійскі“ летні шык…) і пяюць увесь плэй-ліст 2012—2014 гг.!!! …Яны напялілі на сябе мой „творчы пратэст“, як піжаму, і выйшлі на сцэну, не прыкладаючы высілкаў і ня маючы права выказваць мае ідэі», — заявіў у прыватнасьці Міхалок у паведамленьні на афіцыйным акаўнце Brutto. Ён удакладніў, што цяпер Trubetskoy па-ранейшаму выконвае песьні з рэпэртуару «Ляпіса Трубяцкога», але ўжо толькі пра тое, што ім самім блізка. Таму ён дазваляе іх сьпяваць і надалей гэтаму складу музыкаў, а таксама пакідае за сабою права зьвяртацца да старога рэпэртуару.

Brutto ўжо актыўна выконвае старыя песьні Міхалка, на канцэрце ў Беластоку 12 сакавіка да гурта далучылася духавая-секцыя «Ляпісаў» — Іван Галушка і Ўлад Сянкевіч. Trubetskoy, нягледзячы на заявы, што песьні Міхалка, яны сьпяваць не зьбіраюцца, таксама ня грэбуюць выкананьнем старых гітоў. У суполцы Tuzin.fm «УКантакце» можна паслухаць некаторыя прыклады выкананьня гэтымі двума гуртамі адных і тых жа песень.

Былы прадусар «Ляпісаў», а цяпер прадусар гурта Trubetskoy Яўген Калмыкоў пракамэнтаваў гэтую заяву наступным чынам: «Гэта мы ўжо праходзілі — былі дазволы, потым забарона… Цяпер, аказваецца, нам зноў можна. Значыць, можна меркаваць, што неўзабаве будзе нельга. Гэта выглядае на прыватнаўласніцкую дробную валтузьню і знаходзіцца ў той плоскасьці, якая ў мяне прыватна выклікае гідлівасьць», — заявіў ён у інтэрвію з гэтай нагоды.

На фота: Апошні сумесны здымак гурта «Ляпіс Трубяцкі», фота Аляксандар «Tarantino» Ждановіч

Tuzin.fm