Лявон Вольскі зьбірае грошы на працяг «Грамадазнаўства» (відэа)
2785 / 0
21.03.2016

Лявон Вольскі зьбірае грошы на працяг «Грамадазнаўства» (відэа)

Музыка вырашыў зьвярнуцца па дапамогу да сяброў і прыхільнікаў, каб запісаць новы альбом.

Лявон кажа, што канцэпцыя яго новага альбому цалкам гатовая, некаторыя песьні нават запісаныя часткова ў студыі. Музыка зазначае, што гэтую працу можна будзе лічыць лягічным працягам яго альбому «Грамадазнаўства», які пабачыў сьвет у 2014-м. «Надыйшоў час гэтага працягу. Ёсьць усё — песьні, задумы, крэатыў, віленская студыя Снорэ Бэргеруда. Няма толькі фінансавага складніку працэсу, кажучы наўпрост — грошай. Вось так здараецца — раней неяк знаходзіліся, а цяпер — ну, ніяк», — заявіў музыка.

Збор сродкаў вырашана зрабіць на афіцыйным сайце сьпевака. Ахвяраваць можна суму ад 5 да 1500 эўра. Імёны ўдзельнікаў талакі абяцаецца пазначыць пры жаданьні на старонцы, на дысках, а таксама запрасіць зьняцца ў кліпе на адну зь песень з будучага альбому.

Рэліз пакуль што безназоўнага дыску і яго канцэртная прэзэнтацыя заплянаваныя на 2016 год.

Таксама на сайце Вольскага выкладзеная першая частка музычнага фільму «Vilnia.Vola.Volski», які зьняла літоўская рэжысэрка Марыя Мэскавайтэ на прэзэнтацыі «Грамадазнаўства».

ПАДТРЫМАЦЬ НОВЫ АЛЬБОМ ЛЯВОНА ВОЛЬСКАГА

 Tuzin.fm