Halfway Festival назваў лайн-ап. Ад Беларусі будзе Intelligency (відэа)
1531 / 0
01.04.2016

Halfway Festival назваў лайн-ап. Ад Беларусі будзе Intelligency (відэа)

На адным з самых цікавых памежных зь Беларусьсю фэсьце, які праходзіць у Беластоку, сёлета выступіць 13 адметных выканаўцаў з 10 краінаў сьвету.

Halfway Festival пройдзе сёлета ў 5-ы раз у амфітэатры Падляскай опэры і філярмоніі. Фэстываль адметны тым, што на яго запрашаюць дужа цікавыя гурты з усяго сьвету. Сёлета, напрыклад, у Беласток прыедзе гурт Wilco з Чыкага, які мае дзьве прэміі «Грэмі», знакавая кантры-рок каманда з Арызоны з больш чым 30-гадовай гісторыяй Giant Sand (іх выступ на Glastonbury ў 2015 годзе) і канадцы Destroyer (глядзець іх нядаўні выступ на радыё KEXP у Сіетле). Усе тры гурты ўпершыню прыяжджаюць у гэтую частку Эўропы. Акром таго будзе прадстаўленая скандынаўская сцэна — Mammút з Ісьляндыі, Ane Brun з Нарвэгіі, Eivør з Фарэрскіх астравоў. Выступяць таксама гурты зь Вялікабрытаніі, Польшчы, Ізраілю, Эстоніі.

Традыцыйна Halfway Festival зьвяртае ўвагу і на выканаўцаў зь Беларусі. Раней на фэсьце, які быў летась названы слухачамі Польскага радыё ў ліку найбольш важных музычных падзеяў у краіне, ужо сыгралі «Людзі на балоце», Паліна Рэспубліка, FolkRoll, HandmadE, Re1ikt, Navi, .K. Сёлета выступіць гурт Intelligency, які толькі што прадставіў свой максы-сынгл «Мова». 

Фэст пройдзе ў тры дні — з 24 па 26 чэрвеня. Да канца красавіка даступныя квіткі і абанэмэнты на тры дні па кошце ад 70 да 160 злотых. Пасьля квіткі будуць даражэць. Падрабязнасьці пра фэстываль можна дазнацца на афіцыйным сайце або ў суполцы на facebook.

Інфапартнэр Halfway Festival у Беларусі — інтэрнэт-партал Tuzin.fm.

Прома-ролікі па выніках апошніх двух фэстываляў

Tuzin.fm