Лявон Вольскі: «Я запішу новы альбом. Дзеля Анечкі» (відэа/стрыт-арт)
2246 / 0
06.04.2016

Лявон Вольскі: «Я запішу новы альбом. Дзеля Анечкі» (відэа/стрыт-арт)

Музыка пацьвердзіў, што зьбіраецца скончыць працу над сваім новым сольным альбомам.

Лявон Вольскі заявіў, што не зьбірацца спыняць працы над сваім новым альбомам. Цяпер у сеціве ідзе краўдфандынгавая кампанія ў падтрымку рэлізу. Яе старт супаў з раптоўнай сьмерцю жонкі і прадусаркі Лявона — Ганны Вольскай. І менавіта ёй належыць ідэя выдаць працу з дапамогай слухачоў. «Ганна хацела выпрабаваць краўдфандынг, але так сталася, што пакуль мы запусьцілі сайт, яна трапіла ў лякарню. Яна пачула частку новага матэрыялу і вельмі хацела, каб ён быў выдадзены менавіта грамадою, таму мы вырашылі нічога не спыняць. Прыняць тое, што здарылася зь ёй вельмі складана і ў пэўным сэнсе немагчыма. Але шчыра дзякую ўсім за падтрымку ў гэты вельмі цяжкі момант. Мне цяпер складана сказаць, калі і якім выйдзе новы альбом. Але гэты альбом абавязкова будзе», — сказаў Лявон.

Усе песьні для новага альбому, які мае стаць працягам папярэднага сольніку Вольскага «Грамадазнаўства», ужо напісаныя, частка матэрыялу запісаная на віленскай студыі з нарвэскім саўндпрадусарам Снорэ Бэргерудам. 60% неабходных сродкаў на яго выхад ужо сабрана. Свой унёсак можа зрабіць кожны праз афіцыйны сайт.

На фота: стрыт-арт на вуліцах Вільні, выява зьявілася пасьля сьмерці Ганны каля Uzupio Kavine

Tuzin.fm