Новы подых «Вольнага паветра» (відэа)
2084 / 0
07.04.2016

Новы подых «Вольнага паветра» (відэа)

На хутары Шаблі 16 ліпеня пройдзе восьмы па ліку этна-фэстываль «Вольнае паветра».

Фэстываль вяртаецца празь перапынак у год. Як паведаміў Tuzin.fm арганізатар «Вольнага паветра» і гаспадар хутару Шаблі Ўладзімер Шаблінскі, ужо атрыманыя ўсе неабходныя дакумэнты на правядзеньне мерапрыемства і распачаты продаж квіткоў (першыя 100 можна набыць па прома-кошце ў касе на вуліцы Калініна, 5). Склад удзельнікаў фэсту будзе паведамляцца паступова, пачынаючы з 25 красавіка. «Магу сказаць пакуль толькі, што сёлета ў нас выступяць выключна беларусы, хоць пра сваё жаданьне сыграць у нас казалі і замежныя выканаўцы. Але іх выступ вымагае сплаты дзяржаўнай пошліны ў памеры 42 мільёнаў рублей. Такіх грошай у нас няма, бо крызысны год. Але гэта ніяк не адаб’ецца на самой праграме фэсту, якая будзе цікавай і насычанай», — паабяцаў Уладзімер Шаблінскі.

Сёлета да каманды арганізатараў далучыўся Васіль Грынь, які мае сваю аграсядзібу па суседзстве з Шаблямі. Васіль — дырэктар турфірмы «Зялёная каманда», сам цудоўны сьпявак — яго сумесны зь Юліяй Літвінавай альбом «палескіх drinking songs» быў летась прэзэнтаваны на Tuzin.fm. Ён бярэцца стварыць сёлета на фэсьце атмасфэру беларускага сьвята пачатку-сярэдзіны XX стагодзьдзя.

Фэст «Вольнае паветра» быў заснаваны ў 2006 годзе. Мала хто ведае, што гэтую назву прыдумаў Лявон Вольскі. Першы фэст адбыўся ў Крупках, а потым падзея была перанесена на хутар Шаблі, дзе і адбываецца дагэтуль.

За навінамі фэсту можна сачыць праз афіцыйны сайт агенцтва і падзею ў FB.

Рэпартаж тэлеканалу «Белсат» зь сёмага «Вольнага паветра»

Tuzin.fm

за тры месяцы