Гурт «Восьмыдзень» вяртаецца на сцэну праз паўзу ў восем гадоў (прэм’ера)
1767 / 0
13.04.2016

Гурт «Восьмыдзень» вяртаецца на сцэну праз паўзу ў восем гадоў (прэм’ера)

Удзельнікі этна-гурту зь Віцебску афіцыйна заявілі пра аднаўленьне дзейнасьці і прадставілі новыя песьні.

Праз восем гадоў ад часу прыпыненьня дзейнасьці шляхі заснавальнікаў гурту сышліся. Зьміцер Кавалёў (вакал, жалейкі, дуда, флейта) і Ўладзімер Паноў (бас) вырашылі адрадзіць праект. Да іх далучыўся таксама бубнач Дзяніс Волкаў. «Мы вырашылі сабрацца зноў яшчэ два гады таму і гэты час дарма не гублялі: сабралі цікавы матэрыял, рэалізавалі новыя задумы і цяпер гатовыя паказацца на публіцы і выступіць на якой заўгодна пляцоўцы — ад маленькага клюбу да оўпэн-эйру», — заявіў у камэнтары для Tuzin.fm Зьміцер Кавалёў. Ён называе тое, што цяпер робіць трыё «экспэрымэнтальным этна». Цяпер гурт працуе над альбомам, куды ўвойдзе 11 песень, якія паходзяць з розных куткоў Беларусі. Яго выхаду папярэднічае двайны самотнік, у які ўвайшлі іх уласныя музычныя апрацоўкі народных песень «Зязюля» і «Лучына».

«Восьмыдзень» — адно зь яскравых адкрыцьцяў у айчынным фольк-року сярэдзіны 2000-х. Гурт быў заснаваны ў Віцебску ў 2003 годзе, тройчы браў удзел у фэсьце «Рок-Кола», у 2005 годзе атрымаў Гран-Пры, быў запрошаны на цырымонію «Рок-Каранацыя-2006». На фэсьце «Ноч Ваўкалака-2007» у Полацку атрымаў прыз глядацкіх сымпатыяў, а на фэсьце «Рок-Каляды-2008» у Горках быў адзначаны ў намінацыях «Найлепшы вакаліст» і «Найлепшы гітарыст». Неўзабаве пасьля фэсту гурт спыніў сваё існаваньне ў сувязі з унутранымі супярэчнасьцямі і пераездам двух удзельнікаў.

Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm