Cяргей Міхалок заснаваў праект «Ляпіс-98»
3379 / 2
14.04.2016

Cяргей Міхалок заснаваў праект «Ляпіс-98»

Экс-лідэр «Ляпісаў» вяртаецца да свайго старога рэпэртуару, ад якога быў адрокся.

Упершыню публічна пра стварэньне сайд-праекту, у межах якога будуць выконвацца старыя гіты «Ляпісаў», якія ня граліся ані ў межах Brutto, ані самімі «Ляпісамі» позьняга пэрыяду, Сяргей Міхалок заявіў 1 красавіка. «Мяне ўжо 10 гадоў угаворвалі прыхільнікі раньняга клоўнскага вобразу выканаць што-небудзь з клясыкі і толькі цяпер, дзякуючы маленькаму сыну, я магу гэта зрабіць без прымусу, нязмушана ды з аганьком», — зазначыў музыка ў паведамленьні на афіцыйным акаўнце Brutto. Тады прадусар гурта Антон Азізбекян не пацьвердзіў Tuzin.fm праўдзівасьць гэтай заявы. Але ўвечары 14 красавіка тамсама зьявілася новае паведамленьне, у якім вядзецца, што напраўду Міхалок вяртаецца з старым рэпэртуарам. «Чокнуты клоўн Міхалок з кампаніяй бывалых для аматараў прыўкраснага! Навошта слухаць кавэр, калі ёсьць арыгінал? „Ляпіс-98“ — гарантыя і прафэсіяналізм», — гаворыцца ў заяве.

Пакуль невядома, хто будзе граць разам зь Міхалком у гэтым праекце. У той жа час Сяргей падкрэсьліў у сваім паведамленьні ў афіцыйным чаце гурта на Viber, што Brutto застаецца і заўважыў: «Я магу быць сур’ёзным, дарослым, разважлівым, але цыркач і вулічны гаер жывуць унутры мяне».

Былыя паплечнікі Міхалка, якія заснавалі гурт Trubetskoy, запрашэньня далучыцца да гэтага праекту не атрымалі. І да гэтай навіны паставіліся з іроніяй: «Якая нечаканая і актуальная ідэя! Упэўнены, што і ўвасабленьне будзе на такім жа дастойным узроўні. Цікава даведацца, хто з складу „Ляпіса Трубяцкога“ ўзору 1998 году будзе браць у гэтым удзел? Ці гэта мюзыкл?» — зазначыў у камэнтары для Tuzin.fm Яўген Калмыкоў, былы дырэктар і прадусар «Ляпіса Трубяцкога», а цяпер прадусар гурта Trubetskoy. Прадусар Brutto Антон Азізбекян на просьбу «Тузіна» агучыў склад праекту «Ляпіс-98». У яго акром Сяргея Міхалка ўвойдуць Дзяніс Стурчанка (бас), Дзяніс Шураў (бубны), Павал Трацяк (гітара), Іван Галушка (трамбон), Уладзіслаў Сянькевіч (труба). «Такім чынам — гэта ўсе музыкі Brutto. І ўсе гралі ў „Ляпісах“, акром Трацяка ды і тое было такое, што Паша граў зь „Ляпісамі“. Таксама з праектам будуць працаваць гукарэжысэры Андрэй і Зьміцер Баброўка, якія таксама працавалі ў „Ляпісах“», — зазначыў Антон.

Першы выхад на сцэну музыкаў пад шыльдаю «Ляпіс-98» адбудзецца ўжо 21 красавіка ў Харкаве, у клюбе «Корова». Trubetskoy жа дае акустычны канцэрт у Менску 16 красавіка ў клюбе Coyote.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    22.04.2016 / 22:03

    Чарговы выкідон ад Сяргейкі...

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    26.04.2016 / 00:40

    Для цікаўных некалькі відосаў з вечарыны:
    https://www.youtube.com/watch?v=zEx-kapQGCA "В платье белом"
    https://www.youtube.com/watch?v=zb50VztY8BY "Ты кинула"
    https://www.youtube.com/watch?v=FSE3w0hphTI "Евпатория"
    https://www.youtube.com/watch?v=ltBWvvCOU_I "Яблони"

  • КАМЕНТАВАЦЬ