Shaman Jungle запісалі сумесны трэк з вакалісткай «Ілюжан» Кацяй Аліхвер (аўдыё)
2093 / 0
26.04.2016

Shaman Jungle запісалі сумесны трэк з вакалісткай «Ілюжан» Кацяй Аліхвер (аўдыё)

Кампазыцыя «River» увайшла ў новы рэліз беларускага этна-транс праекту.

«Deeper» — другі альбом Shaman Jungle складаецца зь пяці трэкаў, якія, са словаў музыкаў, аб’яднаныя шматлікімі пытаньнямі, але маюць адзіны шлях да адказу. Каманда называе свае кампазыцыі і рэлізы на ангельскай мове, а ў прасоўваньні карыстаецца расейскай, тым ня менш музыкі пэўныя ў тым, што граюць беларускую музыку. «У нас вельмі моцныя карані. Мы самі беларусы, у нас беларускія дзеці і бацькі, вакол нас выдатная беларуская прырода, а мы працуем у беларускіх школах і на беларускіх заводах, а слухаюць нас беларусы», — заявіў гурт парталу Tuzin.fm з нагоды свайго рэлізу. Адмыслова для гэтага альбому яны запісалі кампазыцыю «River». Тэкст і вакал у ёй належаць Кацярыне Аліхвер з гурту «Ілюжан».

«Гэта трэк да нязьнятага кліпу, пасьля таго, як мы прапанавалі Кацярыне пасупрацоўнічаць, яна паказала гэты выдатны беларускамоўны тэкст, які паклаўся проста ідэальна на нашу музыку. Гэты сьпеў абсалютна сугучны з тым, што мы робім, таму ён і прысутнічае на альбоме», — кажуць музыкі. Shaman Jungle ужо запісалі матэрыял для новага альбому, у які плянуецца ўключыць яшчэ адну беларускамоўную кампазыцыю.

У падтрымку «Deeper» плянуецца яшчэ выдаць кліп і зладзіць жывую прэзэнтацыю. Альбом можна паслухаць на Soundcloud, а набыць на GooglePlay у лічбавым фармаце, а замовіць на CD праз сайт гурта. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm

за тыдзень
за тры месяцы