Сяргею Анішчанку — 50 гадоў!
3395 / 0
24.11.2013

Сяргею Анішчанку — 50 гадоў!

24 лістапада знакаміты беларускі музыкант, дырэктар Наваполацкага рок-клюбу, заснавальнік фэстаў «Рок-Кола» і «Халі-лало» адзначае 50-годзьдзе.

Сяргей «Аніса» Анішчанка нарадзіўся 24 лістапада 1963 году ў Наваполацку. З уласных успамінаў першыя канцэрты адыграў перад сваякамі яшчэ калі яму было сем гадоў. На каробках, бляшанках з-пад гарошку ды селядца івасі граў песьні з мультфільмаў. У 1978 годзе Аніса становіцца гітарыстам сапраўднай рок-каманды Scale з Наваполацку, якая намагалася граць, як Deep Purple. У 1982 годзе ўваходзіць у склад групы «Поиск», якая ў 1986 годзе становіцца «Пошукам». У 1987 годзе ў Наваполацку зьяўляецца свой рок-клюб — па аналёгіі зь ленінградзкім — і Аніса становіцца ягоным дырэктарам (да распаду ў 1992 годзе). Паралельна грае ў групе «Рокаш» (1988), «Кадэцкі корпус» (1990), «Грунвальд» (1991—1993) і зьяўляецца дырэктарам групы «Мясцовы час» ад яе ўтварэньня да распаду. З 1993 году кіруе творчай майстэрняй «Зьніч». Запісаў 6 сольных альбомаў. У 1996 годзе Аніса заснаваў дзіцячы музычны  фэстываль «Халі-лало». З 1999 да 2003 праводзіў у Віцебску фэстывалі «Рок апоўначы» ў межах «Славянскага базару». Але пэўна галоўная яго справа — фэст «Рок-Кола», які быў заснаваны ў 1991 годзе і праводзіўся 17 гадоў запар. Пакуль у 2007 годзе ня быў згорнуты паводле пастановы полацкіх уладаў з фармулёўкай «не падпадае гістарычнай, духоўнай спадчыне гораду Полацку і праваслаўю».

27 лістапада ў полацкім Палацы культуры «Нафтан» адбудзецца творчы вечар Сяргея Анішчанкі з нагоды юбілею.

Tuzin.fm жадае юбіляру, каб наступныя 50 гадоў яго жыцьця былі такімі ж яскравымі і насычанымі. І каб усе мары зьдзейсьніліся. І каб «Рок-Кола» зноў закруцілася!

Tuzin.fm