«Ойра!»: «Мы гаворым небездакорна, але наша мова жывая!» (аўдыёпрэм’ера)
1758 / 0
28.04.2016

«Ойра!»: «Мы гаворым небездакорна, але наша мова жывая!» (аўдыёпрэм’ера)

Альбом, які музыкі запісалі саматугам у Рагачове, выдае расейскі лэйбл «Союз Мьюзик».

Новая праца гурта завецца «Бог Любит Троицу». У яе ўвайшлі 11 трэкаў, у тым ліку сумесная песьня з расейскай сьпявачкай Юліяй Коган, вядомай з супрацы з гуртом «Ленинград». Усе песьні музыкі запісалі самастойна, практычна ў хатніх умовах у Рагачове. «Сёлета нам спаўняецца пяць гадоў і гэта чацьверты альбом у нашай дыскаграфіі. Пасьля выхаду папярэдняга мы абяцалі драйвовую і качовую працу. І мы стрымалі сваё абяцаньне!» — заявіў Tuzin.fm з нагоды выхаду рэлізу ўдзельнік каманды Валеры Навічкоў.

Па традыцыі ў свой альбом музыкі ўключаюць і беларускамоўныя творы. У «Бог Любит Троицу» ўвайшлі тры трэкі. І адзін зь іх «Ойра!» прэзэнтуе на Tuzin.fm. Гэта песьня «Наша лета» — зухаваты панк-рок гімн, цалкам прыдатны для пяяньня ў дварах пад гітару. Выкананы ён з грубымі моўнымі памылкамі, якія «Ойра!» тлумачыць наступным чынам: «Мы разумеем, што наша беларуская мова небездакорная, але мы так пішам і так размаўляем. Гэта ўжо не трасянка, але яшчэ не літаратурны варыянт. Гэта наша, жывая мова!» — кажуць музыкі.

Свой альбом жыўцом «Ойра!» прадставіць на сольных канцэртах у Менску (1 траўня), Маскве (7 траўня), Санкт-Пецярбургу (14 траўня). 30 красавіка каманда выступіць на оўпэн-эйры «Хавайся ў бульбу» ў Горадні, а 21 траўня на оўпэн-эйры ў Магілёве «Разам». Падрабязнасьці — у афіцыйнай суполцы каманды. Тамсама можна пачуць увесь альбом. Афіцыйны рэліз альбому «Бог Любит Троицу» адбудзецца на расейскім лэйбле «Союз Мьюзик».

Tuzin.fm